Алесь Мех: Буду балатавацца ў прэзідэнты…



“Мая галоўная мэта ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі – аб’яднаць грамадства”, – кажа Алесь Мех.

Mehh

Як вядома, у Беларусі ствараецца новая грамадская арганізацыя – рух „За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”. Узначаліў ініцыятыўную групу, якая зоймецца падрыхтоўкай з’езда, Уладзімір Някляеў, а яго намеснікам стаў кобрыньскі актывіст Алесь Мех.

Апошні, як аказалася, таксама мае намер паспрачацца за прэзідэнцкае крэсла. Ён ідзе на выбары таму, што адсутнічае рэальная альтэрнатыва беларускай уладзе:

– У нашай краіне структурнай апазіцыі няма. Мы зараз трапілі ў тую ж сітуацыю, што ў 80-х. Мы пачынаем усё спачатку. У розных такіх палітычных кампаній, калі сіла адказная, то яна павінна падрыхтавацца, а што будзе далей – гэта ўжо іншая справа. Павінна быць выпрацавана стратэгія, тактыка і тыя ж самыя праграмныя дакуманты, каб было што паказаць людзям.

“На сённяшні момант мая задача, задача нашай каманды – зрабіць народ не аб’ектам, а суб’ектам палітыкі”, – распавёў Алесь Мех “Народнай Волі”. – Толькі тады народ будзе абіраць чалавека, на якога будуць спадзяванні. Не трэба думаць, што прыйдзе Мех, Някляеў ці яшчэ хтосьці і ўсё пераламае. Без палітычнай волі дзевяці з паловай мільёнаў насельніцтва ніякіх сур’ёзных змен у нашай краіне не будзе. Гэтымі зменамі павінны гарэць усе. І толькі тады мы зможам дасягнуць таго выніку, што нашы дзеці ў нашай краіне на нашай зямлі будуць вольна, заможна жыць і будуць ведаць, што жывуць у бяспецы”.

Алесь Мех: Я не адмаўляюся ад сваіх словаў – буду прымаць удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Усё ідзе па тым плане, які быў раней распрацаваны.

РР: Вы зараз сталі намеснікам Някляева ў ініцыятыўнай групе па стварэнні руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». Можа гэты факт паўплываў на ваша рашэнне?

Алесь Мех: Скажам так: мы працуем у звязцы, хоць нейкія мае планы, магчыма, будуць карэктавацца.

РР: Што асабіста для вас прэзідэнцкія выбары-2015?

Алесь Мех: Магчымасць данесці погляды да людзей. Але любыя палітычныя падзеі не павінны разглядацца, як нейкія свае асабістыя планы.

РР: Многія кажуць, што парад малавядомых кандыдатаў на выбарах толькі на руку ўладзе…

Алесь Мех: У нас краіна жыве ў недэмакратычным рэжыме, таму тут заўсёды будзе парад кандыдатаў. Мы ж разумеем, што некаторыя штучна ідуць на выбары, бо гэта патрэбна ўладзе. У 2001 годзе, відаць, ёй было неабходна, каб быў адзін кандыдат ад апазіцыі. Так яно і здарылася. І ўсе ведаем, чым закончылася. Гэта ўсё кіруемые працэсы.

РР: Галоўная мэта вашага ўдзелу ў выбарах? Вы для сябе яе сфармулявалі?

Алесь Мех: Зараз для нашай каманды галоўнае – надрукаваць праграму для далейшага абмеркавання не толькі нейкімі актывістамі, а і ўсёй грамадзянскай супольнасцю. Там закладзены вельмі сур’ёзныя мэты і аспекты. А ўвогуле, мэта майго ўдзелу ў выбарах – гэта аб’яднанне грамадства.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя