У Пружанах стартуе Фэст эксперыментальнага мастацтва „Рэха ДАХу”
Фэст эксперыментальнага мастацтва „Рэха ДАХу” трэці раз ладзіцца ў сценах музея-сядзібы „Пружанскі палацык”.
Сёлета ён прысвечаны 275-годдзю з дня нараджэння грамадскага дзеяча і палітыка Тадэвуша Рэйтана і 140-годдзю з дня нараджэння жывапісца Станіслава Жукоўскага. Актыўны ўдзел маладых творцаў у фестывалі “Рэха ДАХу” паказвае, што постаці знаных гістарычных асобаў дагэтуль натхняюць і мастакоў і музыкаў, кажа галоўная захавальніца фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Наталля Пракаповіч.
– Гэты фестываль праходзіць ужо трэці год запар, і колькасць удзельнікаў толькі павялічваецца. Новыя мастакі прымаюць удзел, і нашы пружанцы вельмі зацікавіліся мерапрыемствам. Я думаю, што фестываль мае добры плён. Мы расказваем пра творчасць людзей, якія зрабілі вялікі ўнёсак і ў культуру, і ў гісторыю Беларусі, ды і ўвогуле ў еўрапейскую гісторыю і культуру. Мы пра гэта проста не можам забыць.
Адкрыццё фестывалю “Рэха ДАХу” пройдзе сёння ў будынку музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Пачатак мерапрыемстваў а 16-й гадзіне.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота adiobrest.by