Чарнігаўскія старадрукі пераводзяць у лічбу
У Чарнігаве пераводзяць у лічбавы фармат старадрукі мясцовага Калегіума. Сярод іх багата і беларускіх рэлігійных кніжак 18 стагоддзя, па якіх таксама вучыліся ў Чарнігаве.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Па хуткім часе кніжная спадчына Чарнігаўскага калегіума стане даступная ўсім. У Сеціва будуць выкладзеныя лічбавыя копіі рэлігійных старадрукаў, падручнікаў і нават канспектаў студэнтаў і выкладчыкаў 17-18 стагоддзя. Усе гэтыя скарбы захоўваюцца ў фондах Калегіума і дагэтуль дэталёва не вывучаліся. Багата і беларускіх выданняў, надрукаваных у Вільні, Магілёве, Нясвіжы і Берасці. Навукоўцы не выключаюць, што ў неразабраных фондах могуць знайсціся творы, раўныя па значнасці “Слову пра паход Ігараў”.
Мяркуецца, што ў Сеціве старадрукі будуць прадстаўленыя ў двух варыянтах: у аўтэнтычным і перакладзенымі на сучасную ўкраінскую мову. Да перакладаў плануецца прыцягнуць спецыялістаў з Кіева-Магілянскай і Астрожскай акадэмій.
Чарнігаўскі Калегіум быў заснаваны ў 1700 годзе за фундацыяй гетмана Івана Мазепы. Гэта першая навучальная ўстанова вышэйшага ўзроўня на тэрыторыі Левабярэжнай Украіны. Сярод студэнтаў Калегіума за ўсе часы яго існавання былі і беларусы.
Беларускае Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна