За апошні тыдзень даляр вырас на 570 рублёў



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч патлумачыў, чаму ў апошні час даляр імкліва пачаў расці.

Станіслаў Багданкевіч

29 траўня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы даляр вырас на 80 рублёў да 14.890 беларускіх рублёў. Увесь мінулы тыдзень курс даляра ні разу не зніжаўся, а толькі рос. У выніку ўмацаванне за апошні тыдзень траўня склала 570 рублёў.

Еўра сёння вырас на 120 рублёў да 16.300, расійскі рубель знізіўся на 2,5 рублёў да 280,5 беларускіх.

Станіслаў Багданкевіч: Нягледзячы на тое, што даляр у апошні час пастаянна ўзмацняецца, думаю, што ваганні застануцца ў межах той велічыні, што была ўстаноўлена па валютнаму курсу адразу пасля абвалу беларускай нацыянальнай валюты – 15 тысяч рублёў за даляр. Мяркую, што гэта такое нарматыўнае ваганне.

РР: Ці можа ў бліжэйшы час курс даляра перайсці адзнаку ў 15 тысяч рублёў і наблізіцца да 16 тысяч?

Станіслаў Багданкевіч: Усё магчыма, але не думаю, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Але калі ідзе працэс інфляцыі на спажывецкім рынку, то адбудзецца такі ж працэс і на валютным.

РР: Але ж Нацбанк плануе знізіць інфляцыю ў наступным годзе да ўзроўню 9 адсоткаў.

Станіслаў Багданкевіч: Памкненні добрыя, я іх таксама падтрымліваю. Іншая справа, што пакуль не бачу, якім чынам гэта можна зрабіць. Я гляджу, што рублёвая маса павялічваецца ў апошні час, яна не спынена.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя