У Менску судзяць праваабаронцу Андрэя Бандарэнку (абнаўляецца)



У судзе Кастрычніцкага раёна Менска праходзіць працэс па справе праваабаронцы, кіраўніка прыватнай інфармацыйна-асветніцкай установы „Платформ інавэйшн” Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачваецца ў хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве.

Старшынюе на судовым пасяджэнні Ала Абакунчык. Акрамя ўдзельнікаў працэсу — суда, дзяржабвінавачання, абароны, абвінавачанага, пацярпелых — у зале знаходзяцца журналісты, праваабаронцы, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прыйшла падтрымаць Бандарэнку яго жонка Вольга:

– На дадзены момант умовы ўтрымання нядрэнныя, мы лічым, для Валадаркі таму, што ён знаходзіцца ў двухмеснай камеры, што ва ўмовах перанаселенай Валадаркі вельмі файна. Сусед у яго асуджаны ўжо па эканамічным злачынстве, то бок гэта не крымінальнік са стажам – гэта інтэлігентны чалавек, якому 48 гадоў, які ўсё жыццё займаўся бізнесам. Таму ён сядзіць у вельмі добрых умовах. Кожны раз у кожным лісце ён піша пра тое, што адносіны да яго вельмі карэктныя, персанал і асуджаныя, якія працуюць у СІЗА, то бок ніякіх прэтэнзій па ўмовах утрымання ў Андрэя няма.

Як паведаміла праваабаронца Алена Красоўская-Каспяровіч, умовы ўтрымання Бандарэнкі пад вартай адносна нядрэнныя.

Бандарэнка быў затрыманы супрацоўнікамі Кастрычніцкага РУУС Менска 1 красавіка і з таго часу ўтрымліваецца ў сталічным следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага.

* * *

Пачалося судовае следства па справе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі “Платформа”. Андрэй Бандарэнка прызнаў віну, але не прызнаў кваліфікацыю сваіх дзеянняў.

Ён быў затрыманы супрацоўнікамі Кастрычніцкага РУУС Менска 1 красавіка і з таго часу ўтрымліваецца ў сталічным следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага.

Папярэдняе следства ўстанавіла тры эпізоды хуліганскіх дзеянняў, учыненых Бандарэнкам, два з якіх звязаныя з выкарыстаннем гвалту ў дачыненні да жанчын. Супрацьпраўныя дзеянні абвінавачванага, як паведамлялася раней са спасылкай на следчыя органы, пацверджаны паказаннямі відавочцаў, вынікамі экспертыз, відэаматэрыяламі, іншымі доказамі, сабранымі падчас следствы. Яго ўчынкі кваліфікаваныя следчымі як злачынствы, прадугледжаныя КК (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства). Максімальнае пакаранне – 10 гадоў пазбаўлення волі.

Суд Кастрычніцкага раёна Менска, дзе пачаўся працэс па справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, адмовіўся задаволіць хадайніцтва абвінавачанага і яго абароны аб адмене меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Па словах суддзі Алы Абакунчык, заключэнне пад варту ў адпаведнасці з заканадаўствам ўжываецца зыходзячы з цяжару злачынства, а Бандарэнку, нагадала яна, прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні цяжкага злачынства.

Па словах абаронцы Дар’і Ліпкінай, гэтая мера была ўжытая незаконна, паколькі несанкцыянаваная судом, а грунтавалася толькі на вырашэнні следчага. Тым больш, падкрэсліла Ліпкіна, Бандарэнка несудзімы, гатовы з’яўляцца па выкліку суда і не перашкаджаць судоваму разбіральніцтву.

Прэтэнзіі праваахоўных органаў да Бандарэнкі паўсталі 4 лютага, а затрымалі яго толькі 1 красавіка. Увесь гэты час Бандарэнка з’яўляўся па выкліку следства. Нагадаем, кіраўнік прыватнага інфармацыйна-асветніцкай установы „Платформы інавэйшн” абвінавачваецца ў хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве.

Беларускае Радыё Рацыя