МВФ: Прэзідэнцкія выбары пагражаюць эканоміцы Беларусі



Эканоміка Беларусі па-ранейшаму мае высокія рызыкі, абумоўленыя як унутранымі, так і рэгіянальнымі фактарамі. Да такой высновы прыходзяць эксперты Міжнароднага валютнага фонду. Як адзначаецца ў справаздачы фонду па выніках кансультацыяў з уладамі Беларусі, эканамічная мадэль краіны неэфектыўная і таму адчувальная да эканамічных шокаў. Асноўным унутраным фактарам рызыкі называюць прэзідэнцкія выбары, да якіх могуць прымеркаваць захады макра-эканамічнага стымулявання. У далейшым такія захады могуць прывесці да росту інфляцыі і ўзмацнення знешніх дысбалансаў.

Яшчэ адзін фактар рызыкі – пагаршэнне банкаўскіх балансаў з-за аслаблення беларускага рубля і пагаршэння эканамічнай кан’юнктуры.

Што да знешніх рызыкаў, то ў сувязі з дэфіцытам фінансавання можа паглыбіцца рэцэсія або спатрэбіцца больш маштабная карэкціроўка абменнага курса, лічаць у МВФ. Сярод іншых чыннікаў – дынаміка коштаў на нафту і геапалітычная напружанасць у рэгіёне. На беларускую эканоміку ўплывае эканамічная рэцэсія ў Расеі і аслабленне курса расейскага рубля.

Павелічэнне знешняга фінансавання магло б знізіць напружанасць, аднак тут перспектывы няпэўныя. У прыватнасці, няма прыкметаў таго, што Расея будзе надалей крэдытаваць Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота n1.by