Гадавіна з дня смерці Паэта



Споўніўся год са дня смерці паэта, грамадскага, культурнага і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна.

b3r

Я ўсепаглынальна і назаўжды паверыў Настаўніку, якім лічыў і лічу майго былога кіраўніка, яшчэ ў 1986. Набліжалася 19 канферэнцыя КПСС. Сярод іншага на ёй чакалася і зварочванне распачатай “перабудовы”. Напярэдадні на тагачаснай радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” я зладзіў кольны стол, у якім упершыню ўзялі ўдзел лідары “Талакі”, будучай апазіцыі і нават інструктар Менскага абкама КПБ. Імёны іх сёння вядомы ўсім – не буду пералічваць. Упершыню ж былі ўзнятыя пытанні аб скасаванні “кіруючай і накіроўваючай” ролі КПСС, дэмакратызацыі, галоснасці ды дзяржаўнасці (абнаглелі! ) беларускай мовы. У эфіры, каб умясціцца ў “фармаце” , усё мусіла прайсці цягам двух дзён запар. І калі прагучала першая частка, пачаўся вэрхал у вярхах КПБ, дзе праграма-“злачынца” была надрукаваная , казалі, у 100 асобніках. Галоўны рэдактар Жана Літвіна сядзела збялелая паміж выклікамі на “дываны”. Можна ўявіць, што і як казалі тагачаснаму кіраўніку Дзяржтэлерадыё  Бураўкіну. Але тады яшчэ не навучыліся проста і нахабна здымаць заяўленыя праграмы з эфіру. І непапулярнае рашэнне ўсклалі на Генадзя Мікалаевіча. Я прарваўся да яго і па-юнацку палка даводзіў мудраму беларусу, што гэта можа быць першай і апошняй спробай публічна выказацца маладзёваму нацыянальнаму руху, што толькі нараджаецца. Што праз якія дні можа ізноў наступіць сталіншчына і “пытанні” ўжо ніколі не ўздымуцца. Краем вока бачыў, як пашыраюцца зрэнкі суразмоўцы, які раптам вывеў мяне ў “перадбаннік” і цвёрда прамовіў – “дык няхай яны падаюць у суд на Краўчанку!” (тагачаснага галоўнага “душыцеля” “Талакі” з гаркама КПБ ) Праграма выйшла ў эфір…

…У дзень гадавіны паховінаў мы прыехалі на Усходнія могілкі ўвечары, бадай, апошнімі. Разам з рэжысёрам некалі папулярнейшай тэлепраграмы “Крок”, апошнімі гадамі добрым знаёмцам Генадзя Мікалаевіча, Уладзімірам Міхарскім. Дарэчы, зрабіў пра яго кіно на “Белсаце”. Моўчкі пастаялі ля знаёмага насыпанага капца з мноствам свежых кветак і яшчэ палаючымі свечкамі. Накацілі ўспаміны пра “лепшага” і “стварыўшага нацыянальнае ТБ кіраўніка”.

 

МІХАРСКІ: Калі Бураўкін, як творца, рабіў стылістычныя, сэнсавыя заўвагі, ніхто з самых упартых тэлевізійшчыкаў не сумняваўся – так і трэба. Такім быў узровень яго нефармальнага аўтарытэта. Шматграннага – і калі ён казаў пра кіно, і пра песні, музыку, драматургію, спектаклі. Між іншым, пры ім было вельмі шмат таленавітых пастановак і тэлеверсій самага папулярнага, што ішло ў тэатрах. Яго й не хапае, як апошняга з самых творчых міністраў.

РР: Вы шмат год ведалі спадара Генадзя. Якім запоўніўся, як асоба?

МІХАРСКІ: І мяккім, і суворым. У жыцці ён ня быў лагодным ды памяркоўным лірыкам. Таму з падачы Машэрава і стаў вышэйшым – патрабавальным і жорсткім – кіраўніком. Потым, калі год 10 таму мы бліжэй сышліся, гэта быў вельмі дружалюбны, імпэтны чалавек.

РР: У вас у руках апошні паэтычны зборнік Генадзя Мікалаевіча “Нагаварыцца з зоркамі”, які разам з ім паклалі ў труну. Кажуць, чакаючы яго выхаду, ён вытрымаў пражыць ”лішнія” тыдні…

2b2r

МІХАРСКІ: Мушу працытаваць некалькі радкоў:

Думаў, закіну вершы, засяду за мемуары.

Буду для ўсіх развешваць згадкі, сакрэты, мары…

РР: Не спраўдзілася…

МІХАРСКІ: Бязмежна шкада, што гэтага “будучага” не прачытаем, не пачуем. А якая ў яго цікавейшая біяграфія – ад вясковага хлопца да грамадскага дзеяча, паэта, амбасадара Беларусі ў ААН! Дарэчы, казаў, што трохгадовая вандроўка ў Нью-Ёрк каштавала яму звання народнага паэта. Гэтым часам сябру Рыгору Барадуліну, Нілу Гілевічу далі “народных”. Бураўкіну – не…

РР: Але “народным” ён застанецца ў нашай свядомасці на гады і вякі…

МІХАРСКІ: Не забудзем, што ён быў выдатным паэтам-песеннікам – узгадаць хоць “Белы снег”, “Завіруху”., “Мы з табой вечаруем”. Ён назаўжды запамінальны, шматгранны. І не сыдзе вобраз Бураўкіна з нашага зямнога жыцця…

2 чэрвеня ў Менску адбудзецца прэзентацыя аўдыёкнігі “Голас паэта”, дзе цягам трох гадзінаў голасам Генадзя Бураўкіна занатаваныя амаль 100 ягоных вершаў. На вечарыне памяці выступяць ягоныя сябры, блізкія ды аматары творчасці.

33Br

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара, на здымках: памінальная магіла Генадзя Бураўкіна