Жыццё і не – жыццё
Тры гады таму вядомы тэлежурналіст, былы дэпутат Сойму Літвы, Віргініюс Марцішаўскас прапанаваў мне супрацоўніцтва ў ягонай газеце „Krašto naujienos”, якую ён стаў рэдагаваць пасля таго, як скончыў весці тэлеперадачу „Дарогі. Машыны. Людзі”. Матэрыялы, якія я прапанаваў спадару Віргініюсу спадабаліся, і ён намерваўся залічыць мяне ў штат рэдакцыі. Спытаў, колькі б я хацеў атрымліваць. Павагаўшыся, я назваў суму. Марцішаўскас усміхнуўся і прызначыў іншую – разы ў паўтара большую. На жаль, неўзабаве маё жыццё так павярнулася, што я не змог скарыстаць з гэтай магчымасці, аб чым ніколі не пераставаў шкадаваць.
Марцішаўскас рабіў уражанне ўпэўненага ў сабе, надзейнага чалавека, які жыве з азартам і апетытам да жыцця. Газетнай справы яму было мала, ён набыў пры трасе з Вільні на Коўна нейкую разваліну, перабудаваў яе на карчму, праз год-паўтара расчараваўся ў гэткім бізнесе, купіў старую малочную ферму і перарабіў яе пад сядзібу з басейнам для ўласнай сям’і. Намерваўся зняць дакументальны фільм. Было відаць, што ён не меў праблемаў ані з фінансамі, ні са здароўем. Ды і ўзрост, 68 гадоў у наш час далёка не старэчы.
Пагэтаму, як гром з яснага неба ўспрынялася вестка, што ў адным з падвіленскіх гатэляў Віргініюс Марцішаўскас скончыў жыццё самагубствам…
А пару-тройку месяцаў таму ўся Літва была ўражана іншым самагубствам – вядомага актора і папулярнага шоўмэна Вітаўтаса Шапранаўскаса. Ён увогуле для многіх быў прыкладам паспяховага чалавека – малады (гадоў 40 з нечым), славуты, багаты, прыгожы! Чалавек без клопатаў і ворагаў, такім яго лічылі тэлегледачы Літвы.
Што змушае людзей, якія, здавалася б, маюць усё для шчаслівага жыцця і плённай працы, паставіць кропку ў сваім жыццярысе такім трагічным спосабам? Праблемы, згрызоты, дэпрэсія – а хто ж іх не мае? У чым прычына, што нейкі нябачны стрыжань, каркас, на якім трымаецца асоба чалавека, ягоная існасць, раптоўна ламаецца?
І ёсць асобы, якія, наадварот, намагаюцца жыць любым коштам, насуперак усяму.
Найбольш яскравы прыклад – Сяржук Вітушка. Жыццё не песціла яго змалку – ужо падлеткам ён захварэў дыябетам, жыў на ін’екцыях інсуліну. Але хвароба знішчала ягоны арганізм подла, метадычна, – з цягам часу адмовілі ныркі, давялося рабіць гемадыяліз. Мала гэтага, ён страціў зрок, але і гэта не была вяршыня пакутаў – давялося ампутаваць нагу…
І, нягледзячы на ўсё, ён ніколі не падаў духам і не скардзіўся. Воля да жыцця не пакідала яго да апошняга. Адзін журналіст, уражаны ягоным лёсам, дапытваўся, як Сяржук усё гэта вытрымлівае?
„Разумееш,” – прагучаў адказ, – „Ёсць жыццё і не – жыццё. Маё, якое б ні было, усё – такі жыццё…”
І ён жыў – у такіх абставінах здолеў стварыць кнігу казак, некаторыя з якіх варты таго, каб увайсці ў самую сціслую анталогію беларускай аўтарскай казкі. Вітушка жыў змагаром – і памёр як змагар.
Наша суседка, якая працуе медсястрой, апавядала, што ў іхнім шпіталі ў асобным боксе каля году ляжыць пацыент, у якога не працуюць амаль усе органы – яму штучна вентылююць лёгкія, праз зонд падаюць харчаванне. Працуе толькі мозг, зрок і слых, ды некалькі пальцаў рукі, дзякуючы чаму ён можа карыстацца інтэрнэтам. І вось нават у такім стане чалавек змагаецца за жыццё…
У самой жа гэтай медсястры яе маці, нягледзячы на свае амаль восемдзесят гадоў,мае ўсе органы ў ідэальным стане – сэрца, лёгкія, страўнік, ныркі, рукі – ногі.Усё, проч мозгу – ужо гадоў дзесяць яна не пазнае ўласнай дачкі і не ўсведамляе, хто яна сама. У яе хвароба Альцхаймера.
І задумваешся мімаволі – што жыццё можа часам быць страшней смерці…
Найлепей гэта сфармуляваў невядомы паэт:
Жыцця я лёгкага прасіў у Бога
Лёгкай смерці трэ’ было прасіць…
Давайце будзем жыць доўга і шчасліва!