„Ягелонія” забяспечыла сабе бронзу
Пасля чарговага туру футбольной польскай эсктра-класы беластоцкая „Ягелонія” забяспечыла сабе бронзавыя ўзнагароды. У 35 туры жоўта-чырвоныя перамаглі на сваім полі „Гурнік” (Забжэ) – 3:2. Вікторыя беластоцкай камандзе далася вельмі няпроста. На 27-й хвіліне быў зафіксаваны аўтагол на карысць беластачанаў, а ўжо праз 2 хвіліны Патрык Тушыньскі падвоіў іх перавагу. Яшчэ праз дзве Міхал Паздан зрэзаў мяч ужо ў сваю браму – 2:1. На 79-й хвіліне ўкраінец Тарас Раманчук забіў трэці мяч, а незадоўга да фінальнага свістка госці здолелі вызначыцца яшчэ раз.
Трэнер “Ягелоніі” на прэс-канферэнцыі не хаваў радасці ад перамогі і трэцяга месца ў чэмпіянаце:
– Мы вельмі задаволеныя тым, што занялі трэцяе месца. Але будзем змагацца да канца і пастараемся перамагчы ў двух астатніх матчах. Прыкра толькі, што ў Яна Паўлоўскага аднавілася траўма і ён выбывае з гульні на працяглы час.
Пасля матчу з “Забжэ” у Яна Паўлоўскага аднавілася тращма калена і – паводле лекараў – футбаліста “Ягі” чакае шасцімесячны перапынак. Беластачане з 35-ю ачкамі апынуліся на 3-й пазіцыі ў польскім футбольным чэмпіянаце за “Легіяй” Варшава і “Лехам” Познань. Да завяршэння сезона засталіся два раўнды.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
* * *
Іншыя лідары ў нядзелю таксама выйгралі свае матчы. Пазнаньскі „Лех” адолеў дома шчэцінскую „Погань” – 1:0, а варшаўская „Легія” з такім жа лікам на сваім стадыёне ўзяла верх над кракаўскай „Віслай”.
Такім чынам турнірнае становішча тройкі лідараў зараз такое: 1. „Лех” – 39 ачкоў, 2. „Легія” – 38, 3. „Ягелонія” – 36.
У 36-ым туры 3 чэрвеня „Ягелонія” згуляе на выездзе ў Шчэціне, а ў 37-ым – 7 чэрвеня на хатняй арэне з гданьскай „Лехіяй”.
Беларускае Радыё Рацыя