Дзе добра жыць



У адной з сацыяльных сетак, якія ўсё больш становяцца пляцоўкамі для дыскусій, днямі ўступіў я ў спрэчку з адной даўняй, са студэнцкіх часоў знаёмай. Не пагадзілася яна з маімі ўражаннямі і высновамі ад вандроўкі па Эстоніі. Меў я неабачлівасць пахваліць развіццё гэтай дзяржавы, асабліва ў параўнанні з іншымі былымі савецкімі рэспублікамі. Мая даўняя знаёмая пераймалася сапраўдным, з яе пункту гледжання, становішчам эстонскай дзяржавы. Маўляў, Еўрасаюз забівае гэтую краіну, ужо зусім знішчыў сельскую гаспадарку і прамысловую вытворчасць. Што ўсё там валіцца і загінаецца літаральна на вачах, карціна проста апакаліптычная, так што плакаць хочацца. Прызнаюся, што я і сам хутчэй еўраскептык, мне многае не падабаецца ў сённяшняй Еўропе. Ды і жыццё ў Эстоніі ведаю не так добра і глыбока. Пісаў жа пра турыстычныя атракцыі Эстоніі, пра тое, што бачыў на свае вочы цягам тыдня. А ўражанні мае былі спрэс пазітыўнымі – добрыя дарогі, надзвычай зычлівыя людзі на вуліцах, цэны, якія зусім “не кусаюцца”. Прынамсі, кошты ў сталіцы Таліне на роўні абласных цэнтраў Беларусі і куды таннейшыя чым у Мінску. Той жа сервіс, асабліва турыстычны, у Эстоніі надзвычай высокага роўню. З Беларуссю, нашай абслугай і інфраструктурай, няма чаго і параўноўваць, а пра “прелести” расейскай прасторы і казаць ня хочацца. Пра тое, як маскоўскія “вызваліцелі” развіваюць турызм у нахабна захопленым Крыме і гаварыць лішне. Пра гэта ўжо шмат напісалі больш дасведчаныя за мяне журналісты і сказалі тыя, што засталіся жыць на няшчасным паўвостраве.

У кожнай дзяржаве ў наш час процьма праблемаў. Напэўна ў той жа Эстоніі і беспрацоўе расце, і маладым людзям уладкавацца не так проста. Пра гэта таксама піша мая знаёмая. Яна, руская з паходжання, нарадзілася якраз там, але, мяркуючы па ўсім, вельмі даўно ў Эстоніі не была. Жыве яна ўжо дзесяцігоддзямі ў Беларусі, дзе не трэба вучыць ні эстонскай, ні беларускай мовы, але ўсё настальгуе, мяркуючы па яе пастах у той жа сацсетцы, па Савецкім саюзе. І тут прыйшоў я да адной высновы, якая характарызуе менавіта руска-савецкага чалавека. Насельнікі кожнай краіны любяць наракаць на тое, як ім праблемна жыць у сваёй дзяржаве – палякі скардзяцца, як ім цяжка ў Польшчы, літоўцы – як невыносна ў Літве, латышы – як жахліва ў Латвіі. Напэўна гэта ў нейкай ступені натуральная з’ява – быць незадаволеным існымі парадкамі. А вось-руска-савецкі чалавек на ўсёй постсавецкай прасторы перажывае цэлы час пра суседнія народы. І так моцна перажывае, што ўсё імкнецца некага вызваляць ад нечага. Адсюль і вынікаюць тыя захопніцкія войны, якія вядзе Крэмль.

Мы з маёй знаёмай вучыліся гісторыі прыблізна ў адзін час, у адным універсітэце і ў адных выкладнікаў. Толькі яна чамусьці не хоча памятаць ні пра «тишайшего» цара Аляксея Міхайлавіча, які выразаў палову насельніцтва нашай зямлі, ні пра серыйнага забойцу-маньяка Івана Жахлівага, ні пра “Вялікага” Пятра Першага, які ўласнаручна забіваў манахаў у братнім Полацку, ні пра Мураўёва-вешальніка, ні пра крывавага тырана Сталіна, які чыніў страшныя генацыд і этнацыд. А мне ўсё гэта, і расстрэлы ў Курапатах, і беларускія хлопцы, якія злажылі галаву ў Аўганістане і распыленыя над Беларуссю чарнобыльскія хмары, і многія іншыя “ласкі” Масквы неяк з галавы не выходзяць.

А што датычыць таго, дзе каму добра ці кепска жывецца, то для мяне ёсць прынамсі адзін яскравы паказнік. Не чуў я аніводнага выпадку, каб хтосьці з сумежных беларусаў, якія так захапляюцца “узорным” парадкам у сённяшняй Беларусі, пераехаў сюды на стала, у гэты тэлевізійны “сацыяльны рай”. Ні з Эстоніі ніхто не едзе, ні з Літвы, ні з Падляшша, дзе таксама любяць міфы пра квітнеючую Рэспубліку Беларусь. Едуць з “сонечнага Азэрбайджана”, пруцца з “магутнага” сацыялістычнага Кітая, вучацца з “мармурова-залатога” Туркменістану, уцякаюць насельнікі з акупаванага Данбасу. А вось з бліжэйшага сумежжа суайчыннікі неяк не імкнуцца. Многія нават на пару дзён прыехаць ня хочуць. Гэта і ёсць найбольш аб’ектыўны індыкатар. А тых, хто па-сапраўднаму любіць Беларусь, сюды не пускаюць “вызваліцелі”.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ