Мянчанка, якая забіла сына, асуджаная да 23 гадоў



Менскі гарадскі суд прысудзіў Іне Зубовіч, якая выкінула 3-гадовага сына з 12-га паверху, 23 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Жанчыну прызналі вінаватай у забойстве заведама малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане. Прысуд можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым законам парадку. Але адвакат паведаміў, што яго падабаронная ня будзе абскарджваць прысуд.

Прыгадаем, што бок абвінавачання прасіў для Іны Зубовіч 25 гадоў зняволення, абарона — 8 гадоў калоніі. Сама жанчына на першым пасяджэнні папрасіла даць ёй смяротнае пакаранне.

34-гадовая мянчанка 28-га студзеня вырашыла здзейсніць самагубства разам з малым сынам. Прычынай называюцца неўладкаванасць у асабістым жыцці і цяжкое матэрыяльнае становішча. Жанчына выпіла алкаголю сама і напаіла сына. Аднак пасля таго, як скінула сына з 12-га паверху, сама суіцыд не здзейсніла.