Завяршыўся першы сезон „Мова нанова” у Гомелі
Канцэртам лідара гурта „Крама” Ігара Варашкевіча завершыўся ў Гомелі першы сезон курсаў „Мова нанова”.
Цягам чатырох месяцаў аматары беларускай мовы штонядзелю сустракаліся ў філіяле Веткаўскага музея. Наведнікі курсаў у забаўляльнай форме вывучалі беларускую мову.
Адмыслова для выпускных заняткаў удзячная студэнтка Алеся спякла торт, які, паводле словаў дзяўчыны, яна нават для свайго хлопца не пякла:
– Я гэта зрабіла, каб выказаць падзяку за тое, што зрабіла „Мова нанова”. За тых людзей, з якімі я пазнаёмілася дзякуючы гэтым курсам, за тыя веды, што я атрымала.
А бард Вальжына Цярэшчанка сачыніла і праспявала тэматычную паэму:
– Штотыдзень з надзеяй чакаю яе: Юнэлю і Юлю, і мову
Штотыдзень з надзеяй чакаю яго: Міколу, Яўгена з „нановай”.
Лексічна я пашыраюся, духоўна пераўтвараюся,
Фізічна я ўзбуйняюся і з тэхналогіяй нана яднаюся.
Цяперака вера і песня, і слова ў мяне ад „Мовы нанова”.
Слухачы „Мова нанова” адзначаюць, што дзякуючы курсам пачалі размаўляць па-беларуску.
— Мы ўсе тут размаўляем па-беларуску — тое, чаго нам не хапае ў жыцці.
— Вельмі патрэбная практыка для ўдасканалення сваіх ведаў па мове. А на курсах таксама выкладаецца і граматыка. Акрамя таго, на курсах вельмі цікава.
— Дзякучы курсам я пачала размаўляць па-беларуску, пакуль толькі ў вузкім коле людзей, але пачала. І гэта вельмі важна.
— Цяпер мы з маім сынам вырашылі размаўляць дома па-беларуску.
У межах заняткаў адбыўся канцэрт лідара гурта „Крама” Ігара Варашкевіча. Рок-музыка праспяваў для наведнікаў курсаў „Мова нанова”. Паводле музыкі, абласны цэнтр сустрэў яго прыязна.
– Апошні канцэрт у Гомелі — выдатны (у мяне нават няма словаў): нечаканая падтрымка, усе ведаюць песні. Хаця публіка адрознівалася ва ўсіх гарадах. Не скажу, што яна дзесьці добрая ці дзесьці дрэнная. Але ў маім родным горадзе — Баранавічах — людзі так сціпла ўспрымалі: палову канцэрту яны ўвогуле не спявалі. А вось у Бабруйску, як і ў Гомелі, пачалі адразу спяваць разам песні.
Ігар Варашкевіч плануе ў межах курсаў „Мова нанова” наведаць з канцэртамі Гародню, Віцебск і Магілёў.
Бясплатныя курсы „Мова нанова” праходзяць у дзевяці беларускіх гарадах. Канцэпцыя курсаў – неакадэмічнае вывучэнне беларускай мовы. То бок лексіка і граматыка падаецца ў інтэрактыўнай форме. У Гомелі заняткі „Мова нанова” праходзілі на базе філіяла Веткаўскага музея. Другі сезон курсаў распачнецца пасля летніх канікулаў у верасні.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Cюжэт слухайце ў аўдыётрэку
Фота: Мікола Бянько