У Берасці хочуць стварыць інтэрнэт-радыё „Калыска”



Некалькі дзясяткаў казак запішуць берасцейскія журналісты і музыкі.

інтэрнэт радыё для дзяцей

„У бліжэйшых планах – запіс тэставай версіі на 24 гадзіны. Яна будзе выкладзеная на адным з рэгіянальных сайтаў”, – адзначыў адзін са стваральнікаў радыё Анатоль Ціхан:

– Ініцыятыва радыё „Калыска” – інтэрнэт-радыё для самых маленькіх на беларускай мове, на нашых аўтэнтычных палескіх матэрыялах. За аснову будзем браць творчасць вядомага збіральніка фальклору Сержпутоўскага. Нашым кансультантам будзе Мікола Пракаповіч, які ўзяў “Тэлевяршыню”. Удзельнічаць у праекце будуць нашы вядомыя берасцейскія журналісты, артысты, музыкі.

„У Беларусі адсутнічае канал такога кшталту, які б мог прывіць любоў да матчынай мовы з ранняга ўзросту”, – дадаў Анатоль Ціхан.

Асноўную аўдыторыю радыё будуць складаць маладыя сем’і, што выхоўваюць дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце