Ці вернуць Беларусі прэферэнцыі?



Актывіст незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў распавядае, якімі могуць быць вынікі разгляду “беларускага пытання” на сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы.

DSC_06177-1

Сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі зноў будзе абмяркоўвацца 5 чэрвеня ў межах 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіць 1-13 чэрвеня ў Жэневе, піша БелаПАН.

У працы канферэнцыі бярэ ўдзел афіцыйная ўрадавая дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай. Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прысутнічае на МКП у якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.

У 2007 годзе Беларусь была выключана з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза. Для вяртання прэферэнцый урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацый МКП, сярод якіх: прадаставіць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб’яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны.

Аляксандр Бухвостаў: Ёсць справа, якая вядзецца аж з 2000 году, і яна пастаянна разглядацца не сесіях МКП. Амаль заўсёды Беларусь трапляе ў лік краін, дзе парушаюцца правы працоўных. Магчыма, традыцыя працягнецца і зараз з-за таго, што не выконваюцца рэкамендацыі МКП. І на самай справе – нічога ж па сутнасці не змяняецца.

РР: Не так даўно Беларусь, як кажуць, авансам прынялі ў Балонскі працэс. Магчыма, такі аванс з перспектывай на будучыню можа выдаць і Міжнародная канферэнцыя працы?

Аляксандр Бухвостаў: Усё можа быць, бо я не выключаю ўмяшальніцтва палітычных раскладаў, улічваючы, што Беларусь зараз балансуе, што называецца, паміж дзвух агнёў – Расеяй і Захадам. Але ў той жа час Балонскі працэс – гэта крыху з іншай оперы, іншы накірунак адносінаў. Асабіста я спадзяюся на тое, што групе працоўных у МКП удасца пераканаць усіх у тым, што Беларусь не можа ўзнагароджвацца за тое, што адбываецца ў краіне. І пытанне аб вяртанні прэферэнцый наогул не павінна стаяць. Пытанне ў іншым: ці ўключаць Беларусь у спіс краін, дзе парушаюцца правы працоўных (так званы спецпараграф)? Паўтаруся, у гэтым накірунку палёгка можа быць. Бо я гляджу, што ўжо і літоўскія прафсаюзы пасябравалі з беларускімі афіцыйнымі.

РР: Але прэферэнцыі вярнуць пакуль нерэальна?

Аляксандр Бухвостаў: Гэтае пытанне вырашае Еўразвяз, а не Міжнародная канферэнцыя працы. Апошняя толькі ацэньвае сітуацыю з пункту гледжання ўзаемаадносінаў працы і капітала, наколькі парушаюцца правы Канвенцыі… Але МКП можа знізіць ацэнку сітуацыі, даць нейкі пазітыў. Зрэшты, на сесіі будуць выступаць не толькі прадстаўнікі беларускай улады, але і старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Ён ведае праблемы незалежных прафсаюзаў і дасць сваю ацэнку сітуацыі, у якой існуюць працоўныя ў краіне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота msfnpr.ru