Што дасць Смаргоншчыне праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі?
У Смаргонскім раёне рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Кластэрны падыход і інфармацыйныя тэхналогіі для мясцовага кіравання і ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый”. Праграма праекта павінна паспрыяць паспяховаму развіццю рэгіёна, а таксама паляпшэнню турыстычнай пазнавальнасці і прыцягальнасці Залесся і Крэва.
Менавіта тут знаходзіцца шэраг вядомых гісторыка-архітэктурных помнікаў, адзін з якіх – сядзіба Агінскіх, на думку супрацоўніцы упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, можа стаць цэнтрам турыстычнага жыцця рэгіёна:
– Вельмі важныя зараз помнікі, якія характэрызуюць нейкую з’яву ў сусветнай культуры. Таму, калі мы гаворым пра спадчыну Агінскіх, у гэтым кірунку сядзіба ў Залессі можа разглядацца, але ўжо пасля заключэння экспертаў, якія выкажуць сваю думку наконт таго, каб спачатку ў папярэдні спіс унесці, а ўжо пасля працаваць над унясеннем яе ў спіс ЮНЭСКА.
Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Кластэрны падыход і інфармацыйныя тэхналогіі для мясцовага кіравання і ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый” будзе рэалізоўвацца на Смаргоншчыне да сакавіка 2017 года. Фінансаванне ажыццяўляецца са сродкаў Еўразвяза з невялікім дафінансаваннем мясцовага райвыканкама. Бюджэт праекта складае 300 тысяч эўра.
Беларускае Радыё Рацыя