Уладзімір Колас: Жыццё штурхае ўладу ў бок незалежнасці і беларускасці



Сябра аргкамітэту па правядзенні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць Уладзімір Колас распавядае, ці патрэбна сёння беларусам незалежнасць.

Уладзімір Колас

 

Нагадаем, што Усебеларускі кангрэс за незалежнасць прайшоў у снежні мінулага году. Удзельнікі мерапрыемства прынялі Маніфест аб незалежнасці краіны і дамовіліся сабраць мільён подпісаў у яго падтрымку.

Уладзімір Колас: Мяркую, што ў нашай сітуацыі рана казаць пра вынікі Кангрэсу. Тым не менш, зараз будзе збірацца палітычная секцыя Кангрэсу, ідзе збор подпісаў пад Маніфестам, створана пляцоўка для перамоваў. Гэта працэс, які працягваецца, і, напэўна, галоўны вынік форума. У любой сітуацыі (нават у такой невясёлай, у якой мы зараз знаходзімся) трэба думаць, што рабіць далей. Гэтым і займаемся. На жаль, пакуль нічым іншым пахваліцца нельга.

РР: На ваш погляд, а ці патрэбна сёння ўвогуле незалежнасць беларусам, якія апошнім часам досыць добра замбіраваны расейскай прапагандай?

Уладзімір Колас: Не думаю, што людзі так ужо і замбіраваны. Безумоўна, усе мы ў той ці іншай ступені трапляем пад гэты ўплыў, і, тым не менш, недзе на ўзроўні падсвядомасці ў беларусаў ёсць жаданне жыць у незалежнай краіне і нейкім чынам дыстанцыянавацца ад Расеі. Таму тым, хто больш-менш адэкватна ацэньвае рэаліі, трэба не апускаць рукі, а працаваць. У нашым распараджэнні ёсць сродкі масавай інфармацыі – не толькі Інтэрнэт і газеты, але і незалежныя радыёстанцыі ды тэлебачанне. Неабходна даводзіць сваю пазіцыю да астатніх.

РР: Некаторыя аналітыкі кажуць, што Расея на фоне падзеяў ва Украіне ніколі не выпусціць Беларусь са сваіх адбымкаў.

Уладзімір Колас: Паўтаруся, сітуацыя вельмі цяжкая. Таму наогул цуд, што людзі яшчэ захавалі і мову, і адчуванне Беларусі, як незалежнай краіны. І апошняе дваццацігоддзе, нягледзячы на тое, што мы існавалі ў аўтарытарнай сістэме і пародзіі на Савецкі Саюз, адчуванне незалежнасці, тым не менш, узмацнілася. А зараз само жыццё штурхае і нашу ўладу ў бок незалежнасці і беларускасці. І гэта ўжо павінна дадаваць аптымізму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя