На будаўніцтве Астравецкай атамнай станцыі змяншаюць заробкі
Адміністрацыя будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі змяншае заробкі работнікам, павялічваючы пры гэтым нормы выпрацоўкі і працоўны час.
Непапулярныя захады выклікаюць сыход кваліфікаваных кадраў, на змену якім масава прыязджаюць грамадзяне Украіны.
Плануецца, што на працягу лета да шэрагаў будаўнікоў далучыцца каля чатырохсот студэнтаў з будаўнічых атрадаў.
Працоўныя адзначаюць шматлікія факты крадзяжу будаўнічых матэрыялаў, аднак іх звароты ў дзяржаўныя кантралюючыя ўстановы застаюцца без адказу, што па словах старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў сучаснай Беларусі стала заканамернай з’явай:
– Карупцыйны праект, на якім шмат хто будуе “сваё асабістае шчасце” . А ў Беларусі, як былі энергетычныя праблемы, так і застануцца. Падчас такога рэжыму, дзе няма кантроля над уладай – ні грамадзянскага, ні парламенцкага. Будаваць атамныя станцыі – гэта гуляць ў “рускую рулетку” . Мы супраць, каб пры такім рэжыме адбывалася будаўніцтва такіх небяспечных праектаў.
На будаўніцтве Астравецкай атамнай станцыі працуе больш трох тысяч чалавек. Яшчэ ў мінулым годзе заробкі кваліфікаваных працоўных складалі ў сярэднім 10 мільёнаў беларускіх рублёў. Апошнія дадзеныя сведчаць аб тым, што выплаты зменшыліся амаль удвая.
Беларускае Радыё Рацыя