Таваразварот між Беларуссю і Польшчай – 2 млрд 400 млн даляраў



Сярэдні паказчык штогадовага таваразвароту паміж Беларуссю і Польшчай складае 2 мільярды 400 мільёнаў даляраў і не змяняецца на працягу некалькіх гадоў.

Беларусь-Польша

Прычым, польскі імпарт пераважвае беларускі экспарт з розніцай у 2 разы: у той час як палякі пастаўляюць прадукцыі на 1 мільярд 600 мільёнаў, беларусы – прыкладна на 800 мільёнаў даляраў.

Такая сітуацыя па словах намесніка старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзіміра Улаховіча не можа не выклікаць занепакоенасць, асабліва калі ўлічыць удалае на думку чыноўніка месцазнаходжанне краіны:

– Мы на сутыку двух тыпаў цывілізацый. Беларусь працуе з усімі краінамі ў вельмі канструктыўным прагматычным і добразычлівым рэжыме. Гэта адкрывае магчымасці Беларусі як пляцоўцы, якая адкрытая, як да Еўразійскага звязу, так і да нашых еўрапейскіх суседзяў, да Балтыйскага рэгіёну.

Беларусь пастаўляе у Польшчу ў асноўным прадукцыю нафтахіміі, вадкі газ, дрэва і калійныя ўгнаенні.

Прадукцыя польскіх вытворцаў, якую яны прапаноўваюць беларусам больш разнастайная гэта ў першую чаргу прадукты харчавання, медыцынскія прэпараты, бытавая тэхніка, мэбля і шэраг іншых найменняў тавараў.

Беларускае Радыё Рацыя