На Глыбоччыне хочуць ушанаваць імя Баляслава Лапыра



Збор подпісаў за ўсталяванне памятнай шыльды ў гонар вядомага на Глыбоччыне агранома Баляслава Лапыра пачалі грамадскія актывісты горада. Дзякуючы яму Глыбокае славіцца ўраджайнасцю вішань, менавіта ён выводзіў розныя ўстойлівыя гатункі гэтай ягады і прывозіў іх з замежжа.

103504014_large_IMG_018900

Па словах мясцовага актывіста Змітра Лупача, зараз на Глыбоччыне ладзіцца  Вішнёвы фэст у гонар вішні, нават пастаўлены ёй помнік. А вось чалавек, які гэтаму паспрыяў, застаўся незаўважным.

– Гэты чалавек варты таго, каб яго ўшанавалі. Ягоная заслуга не толькі ў тым, што ён быў добрым аграномам, але ён быў вялікім беларускім патрыётам, змагаўся за беларускую мову ў тагачаснай Рэчы Паспалітай.

Напрыканцы Другой Сусветнай вайны Баляслаў Лапыр трапіў у лагер горада Ваўкавыска. І аднойчы не вярнуўся з допыту, знік назаўжды ў калідорах НКВД. Яму інкрымінавалі супрацу з немцамі за працу ў адміністрацыі. Ён не быў асуджаны і таму не быў і рэабілітаваны.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота veinternet.ru