Украінцы адкрываюць для сябе Напалеона Орду
Сёння ў Луцку адкрываецца ўнікальная выстава літаграфій Напалеона Орды, якія знаходзяцца ў фондах Валынскага краязнаўчага музея.
Больш падрабязна пра гэтую падзею распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Пра тое, што ў запасніках Валынскага музея захоўваецца мастацкая спадчына Напалеона Орды, раней ведалі толькі спецыялісты. Так што цяперашняя маштабная выстава – першая ва Украіне.
Сярод карцін Напалеона Орды, якія экспануюцца ў Луцку, пераважаюць беларускія і польскія краявіды. Але ці не ўпершыню будуць прадстаўлены і тыя, што прысвечаныя Украіне. Гэта Андрэеўская царква ў Кіеве, касцёл Яна Храсціцеля ў Белай Царкве. Дарэчы, гэтыя гістарычныя помнікі аднаўляліся ўкраінскімі рэстаўратарамі з улікам літаграфій нашага земляка.
Выстава арганізаваная Упраўленнем турызму і прамоўцыі Луцка і Нацыянальным гісторыка-архітэктурным запаведнікам “Камянец”. Прапановаў з беларускага боку наконт экспазіцый мастацкай спадчыны Напалеона Орды ў Беларусі пакуль не было.
Беларускае Радыё Рацыя, Украіна