Працэнт адмовы ў шэнгенскіх візах у Беларусі адзін з самых нізкіх у свеце



Краіны-удзельніцы Шэнгенскага пагаднення вельмі канструктыўна настроеныя ў дачыненні да беларусаў у пытанні выдачы віз, заявіў кіраўнік аддзела палітыкі і прэсы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар.

„Былі палітычныя дырэктывы з боку міністраў замежных спраў краін ЕС, каб павялічыць колькасць доўгатэрміновых і шматразовых віз для беларусаў пры адсутнасці пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Спадзяемся, што калі пагадненне будзе падпісанае, сітуацыя яшчэ больш спросціцца”, – сказаў ён.

Паводле слоў Рудольфа Рышара, да візавага пытання ў ЕС імкнуцца падыйсці гнутка. Ён падкрэсліў, што працэнт адмовы ў візах у Беларусі адзін з самых нізкіх у  свеце.

Супрацоўнік пасольства Польшчы падкрэсліў, што шэнгенская віза сама па сабе не азначае стопрацэнтнай гарантыі ўезду ў зону Шэнгена: „Выніковае рашэнне прымаюць супрацоўнікі пагранічных службаў”.