Падчас гей-парада ў Кіеве пацярпела 5 міліцыянтаў



Адзін з іх – у цяжкім стане. З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Сёння на Абалонскай набярэжнай украінскай сталіцы сабралося колькі дзясяткаў ЛГБТ-актывістаў, каб правесці “Марш роўнасці”. Парад ахоўвалі 200 супрацоўнікаў міліцыі, якія адгарадзілі геяў і лесбіянак жывым кардонам. Тым не менш “Марш роўнасці” адразу ператварыўся ў крывавую бойку. Праціўнікі гей-парада кідалі ва ўдзельнікаў ЛГБТ-руху петарды, камяні і выбуховыя пакеты. Актывісты здолелі прайсці толькі 500 метраў, пасля чаго былі змушаныя згарнуць “Марш годнасці”.

Міліцыя затрымала 25 хуліганаў. Колькасць пацярпелых актывістаў ЛГБТ удакладняецца.

Напярэдадні “Маршу роўнасці” лідар “Правага Сектара” Дзмітрый Яраш выказаў катыгарычную нязгоду з правядзеннем падобных мерапрыемстваў ва ўкраінскай сталіцы. Пазафракцыйны дэпутат Вярхоўнай Рады Уладзімір Парасюк парэкамендаваў выпраўляць геяў у зону АТА. Прэзідэнт Пятро Парашэнка зазначыў, што ўдзел у гей-парадах – канстытуцыйнае права грамадзянаў, але адмовіўся браць у ім удзел.

Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна