ФСБ прымушала гомельца паклёпнічаць на Майдан



Гомельскі анархіст Дзмітрый Рэзановіч пасля вяртання з расейскай турмы заявіў, што супрацоўнікі ФСБ выбівалі з яго паказанні супраць Еўрамайдана. Паводле словаў актывіста, расійскія спецслужбы вельмі спалохаліся магчымасці паўтарэння пратэстаў у самой Расеі.

sRe7OnB954s

Дзмітрый Рэзановіч:

– Яны ўсяляк падштурхоўвалі мяне да таго, каб я прызнаўся, што з’яўляюся актывістам „Правага Сектару”, які прыехаў па заданні рабіць дыверсіі і тэракты ў РФ. Паколькі я адмаўляўся даваць такія паказанні, то супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з экстрэмізмам пачалі мяне збіваць прама падчас допытаў. Спачатку білі асцярожна (далонямі і па нырках), душылі, каб не заставалася слядоў. Я ад іх спрабаваў адбівацца, наколькі гэта было магчыма. Потым прыехалі супрацоўнікі, якія ўвогуле перасталі сябе стрымліваць. Адзін стаў наносіць удары ў вобласць твару. Калі я ўбачыў у люстэрку сінякі, то вырашыў прызнацца, што сапраўды ехаў з Майдану.

Дзмітрый прыгадвае, што гэтае прызнанне адразу змяніла паводзіны ФСБ-шнікаў.

Калі мяне ўжо змясцілі ў камеру, прыехаў нейкі важны палкоўнік ФСБ з відэакамерамі. Ён мне прапанаваў здзелку, каб я паклёпнічаў на ўдзельнікаў Майдану. У прыватнасці, каб заявіў, што прадстаўнікі партыі „Свабода” стралялі па мірных дэманстрантах. Мне сказалі, што калі я агучу гэтыя паказанні на відэа, то мяне хутка даставяць у Беларусь. Зразумела, нічога такога я не сказаў, бо не бачыў падобных рэчаў”, — распавёў Дзмітры Рэзановіч.

15 сакавіка гэтага года Дзмітрыя Рэзановіча затрымалі расейскія праваахоўнікі на чыгуначным вакзале ў Курску. Маладзён накіроўваўся да сваякоў, якія пражываюць у горадзе Курчатаў. Увагу міліцыянтаў прыцягнуў знешні выгляд Дзмітрыя, які быў апрануты ў паўвайсковае адзенне. Падчас праверкі дакументаў у анархіста аказаўся пашпарт старэйшага брата. Гэта стала прычынай змяшчэння гомельца ў турму на чатыры месяцы за парушэнне правілаў знаходжання на тэрыторыі РФ.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель