Ці ўшануюць памяць расстраляных святароў?
Ці атрымаецца калі-небудзь ушанаваць памяць расстраляных святароў у прыгарадным лесе ў Воршы, па Магілёўскай шашы?
Месца расстрэлу і апошняга спачыну засмечана, тут збіраюцца аматары выпіць, а частку магіл святароў ужо раскапалі “чорныя капацелі” у пошуках нацельных крыжоў. Між ты зусім побач – новая царква і будуецца новы касцёл.
Ці атрымаецца ў часы, калі рэжым захоўвае смяротнае пакаранне і шануе Сталіна, а ў Расеі з’явілася ікона “Святая Матрона і Сталін” ушанаваць памяць расстраляных? Ці дапамогуць сучасныя святары ўшанаваць памяць сваіх закатаваных папярэднікаў?
„Расстрелян в Орше” – такая пазнака стаіць справах святароў часоў сталінізму. Расстрэльвалі ў прыгарадным лесе, ямы засыпалі насеннем травы, каб хутчэй знішчыць сляды…
Праз перасыльную турму ў Оршы, якая месцілася ў будынках Езуіцкга калегіўму, прайшла незлічоная колькасць ахвяра савецкага рэжыму, сярод іх вельмі шмат праваслаўных і каталіцкіх святароў.
Ворша – буйны чыгуначны вузел, тут спыняліся цягнікі, якія везлі рэпрасаваных і з Усходу і з Захаду. Цяпер на месцы турмы адрэстаўраваны езуіцкі Калегіўм і гарадская плошча, тут ладзяць святы і канцэрты, гуляюць дзеці, нішто не нагадвае пра тыя часы, калі тут сталі доўгія чэргі сваякоў асуджаных і чулі з акенца: “10 лет без права переписки” (савецкі канцылярызм, якім замянялі слова «расстрэл).
Але расстрэльвалі людзей не на тэрыторыі турмы, а ў прыгарадных лясах – на Кабыляцкай гары і па Магілёўскай шашы.
У 80-ыя гады 20 стагодддзя аршанкі даследчык Юры Копцік, які на той час працаваў карэспандэнтам газеты “Ленінскі прызыў” (цяпер “Аршанская газета”) сабраў унікальны матэрыял – выпадковых сведкаў расстрэлаў (дзеці, рабочыя, якія ішлі рана а працу, жанчыны, якія ішлі на кірмаш). Тады ж былі выяўлены і асноўныя месцы сталінскіх расстрэлаў- Кабыляцкая гара і Магілёўская шаша.
На сённяшні дзень актуальным стала ўшанаванне месца расстрэлу святароў па Магілёўскай шашы. У 20-30 гадах 20 стагоддзя ў межах тагачаснай Воршы (каля Магілёўскай шашы, цяпер мікрараён-3) адбываліся расстрэлы святароў. Гэтае месца ніяк не ўшанаванае дагэтуль, тут няма ніякага памятнага знаку.
Юры Копцік паказваў мне зламаныя крыжы ў расстрэльным лесе. Калі не ведаць, што гэта крыж – пройдзеш побач і не заўважыш. Сваякі расстраляных яшчэ ў 30-ыя гады шукалі месцы расстрэлаў і ставілі крыжы. Юры Копіцк распавядае, што пасля ХХз’езду палясоўшчыкамі ў расстрэльных лясах працавалі былыя удзельнікі расстрэльных каманд, яны нішчылі крыжы – памяць пра ахвяраў.