Кватэрнае пытанне



Даўно стаў класікай выраз пра людзей, якія былі, у прынцыпе, някепскімі, але іх сапсавала кватэрнае пытанне. Беларускіх чыноўнікаў у большасці сваёй някепскімі не назаваеш. Ну, не любяць у нас чыноўнікаў. Як кажуць, самі вінаватыя. Цяпер да гэтага дадалося яшчэ і кватэрнае пытанне. У Беларусі збіраюцца забараніць пасуткавую здачу кватэраў. Пытанне пра спыненне дадзенага віда дзейнасці будзе прапрацоўваць Міністэрства па падатках і зборах.

Прычыну забароны Міністэрства па падатках тлумачыць наступным чынам. Маўляў, калі ў пад’ездзе з’яўляецца кватэра на суткі, то адразу з’яўляецца маса праблемаў, якія датычацца парушэння грамадскага парадку. Дзіўная прычына забараняць пасуткавую здачу кватэраў. Калі дзесьці ёсць праблема з грамадскім парадкам, то хай ёй займаецца міліцыя. Прычым тут Міністэрства па падатках і зборах. А тым болей, забарона на здачу кватэраў. З такім жа поспехам можна забараніць шлюбы. А што! Ёсць жа сем’і, дзе б’юцца муж і жонка. Альбо, напрыклад, можна забараніць людзям сталець. Бо як толькі дзіця пераходзіць у пубертатны перыяд, адразу з’яўляецца маса праблемаў, якія датычаць выхавання і паводзінаў. Можна забараніць ваду піць на вуліцы. Бо калі яе п’еш, то ўзнікаюць потым праблемы з пошукам прыбіральняў.

Увогуле, у кватэрах на суткі – шмат перавагаў. Ну, па-першае, кватэра на суткі каштуе ў разы танней, чым гатэль. Да прыкладу, у Менску за кватэру давядзецца заплаціць ад 50 даляраў. Тады, як гатэль будзе каштаваць ад ста даляраў і вышэй. Па-другое, у кватэры можна спыняцца жыхарам таго горада, дзе гэта жытло здаецца. Тады, як у гатэль прымаюць толькі іншагародніх. Ну, і па-трэцяе, у кватэры няма ўсіх гэтых злосных цэрбераў-ахоўнікаў-вахцёраў, якія не пускаюць гасцей у гатэльныя нумары. То бок здача кватэраў на суткі была выгадная многім. Студэнтам-завочнікам, якія прыязджаюць на некалькі дзён у іншы горад. Студэнтам, якія хочуць адзначыць з начоўкай міленіум. Ну, і проста іншагароднім, якія хочуць нармальных умоваў з нармальнай сантэхнікай. А на добрыя гатэлі ў іх не хапае грошай.

Аднак нашыя чыноўнікі вырашылі, што пасуткавая здача кватэраў – гэта састарэлы від дзейнасці, таму яго трэба забараніць. Хаця штосьці падказвае, што прычына ў іншым. Ну, не стаяць жа пустымі цяпер шматлікім гатэлям, якія пабудавалі адмыслова для чэмпіянату свету па хакеі. Вось чыноўнікі кватэры на суткі і збіраюцца забараніць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ