Рыхтуецца адкрыццё 8-мі новых візавых цэнтраў



Генконсульства Польшчы ў Гародні 10-га чэрвеня скончвае прыём тэндэрных заявак на адкрыццё візавых цэнтраў і аказанне адпаведных паслугаў грамадзянам.

Віза

Плануецца, што ў Беларусі адкрыюць 8 падобных устаноў, з якіх дзве – на Гарадзеншчыне: ў абласным цэнтры і другім па колькасці насельніцтва горадзе, якім з’яўляецца Ліда.

Генконсул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч кажа, што досвед Калінінграда дазваляе станоўча глядзець на перспектывы дзейнасці візавых цэнтраў на Гарадзеншчыне:

– Я спадзяюся, што візавыя цэнтры палегчаць жыхарам Гарадзеншчыны працэс атрымання візы, а перадусім ажыццяўленне патройнай працэдуры – падачы візавай анкеты і пашпарту, адбіткаў пальцаў і аплаты. Нягледзячы на тое, што кліент уносіць дадатковую аплату ў памеры некалькіх сот еўра, ён не мусіць стаяць у доўгіх чэргах. У нашым выпадку цэнтр, прынамсі адзін з іх, будзе бліжэй да кліентаў, я маю на ўвазе Ліду.

Плануецца, што з адкрыццём візавых цэнтраў вырашыцца і праблема рэгістрацыі анкет пасярэднікамі, якія бяруць за паслугу аплату, эквівалентную ста далярам. Іх дзейнасць перастане быць запатрабаванай ў сувязі з тым, што ўсе працэдуры па падачы дакументаў будуць адбывацца ў візавым цэнтры.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня