Алег Трусаў: Для выбараў трэба распрацаваць агульную незалежніцкую праграму



Распрацаваць агульную праграму заклікае Алег Трусаў усіх, хто выказаў намер пазмагацца за прэзідэнцкае крэсла на сёлетніх выбарах. Такую прапанову старшыня грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» агучыў у час другой сесіі Кангрэсу за незалежнасць Беларусі, якая прайшла ў Менску:

– Праграма павінна быць невялікая, але павінна складацца з такіх пунктаў, якія гарантуюць нашу незалежнасць. І каб кожны чалавек разумеў, што гэтая праграма – і яго праграма. Адзін з варыянтаў гэтай праграмы, канешне, эканоміка: што зрабіць, каб мы захавалі эканамічную незалежнасць. Другая частка – культурная. Калі далей будзе знікаць усё беларускае, то незалежнасць загіне аўтаматычна, нават калі і эканоміка будзе добрая. І трэцяе – знешнія фактары. Як пабудаваць сваю палітыку так, каб не было анексіі, каб не было раздзелу краіны.

“Як павінна адбывацца аб’яднанне – спачатку ствараецца адзіная праграма, усе галасуюць, а потым тэхнічнага кандыдата любога можна выбраць, які прадставіць праграму”, – падсумаваў кіраўнік ТБМ. “Калі ўсе партыі, рухі паміж сабой не дамовяцца, каб захаваць незалежнасць і статус адсутнасці вайны, то наступім на граблі, на якія станавіліся іншыя краіны”, – сказаў Трусаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота skyscrapercity.com