Расце запазачынасць па заробках



На Гарадзеншчыне пратэрмінаваныя запазычанасці па выплаце заробкаў маюць 26 прадпрыемстваў. Усе яны належаць сектару  сельскагаспадарчай вытворчасці. Менавіта гэтая галіна народнай гаспадаркі ў Прынёманні найбольш церпіць ад наступстваў нестабільнай эканамічнай сітуацыі: заробкі працоўных ў многіх гаспадарках не перавышаюць трох мільёнаў рублёў, якія супрацоўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў не заўсёды атрымліваюць своечасова.

Дзяржаўныя прафсаюзы, якія дзейнічаюць у калгасах і саўгасах рэгіёну, не прыкладаюць намаганняў па адстойванні інтарэсаў працоўных, што па словах намесніка старшыні Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, цалкам зразумела:

– Чым будзе займацца такі прафсаюз? Тымі функцыямі, якія не ўласцівыя прафсаюзу. Калі будуць узнікаць пытанні абароны працоўных правоў, заробку, аховы і ўмоваў працы, такі кішэнны прафсаюз натуральна не ў стане бараніць працоўнага чалавека. Ён заўсёды станавіўся на бок наймальніка, на бок працадаўцы. Ён ніколі не будзе шчыра адстойваць правы простых людзей.

У межах краіны сітуацыя па несвоечасовай выплаце заробкаў выглядае намнога горш, чым на Гарадзеншчыне: прыкладам, у Менскай вобласці запазычанасці маюць 200 прадпрыемстваў, у Віцебскай – 175. Дзяржава павінна працоўным 20 мільёнаў даляраў, што амаль напалову больш, чым у мінулым месяцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота rusimperia.info