Гарадзеншчына прапаноўвае свае праекты трансгранічнага супрацоўніцтва



Еўрапейская камісія выдаткуе амаль 175 мільёнаў еўра на ажыццяўленне праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна 2014 – 2020”. Гарадзеншчына стане адным з 14-ці рэгіёнаў, дзе паводле новых патрабаванняў Еўракамісіі, выдаткі на інфраструктурную частку будуць абмяжоўвацца двума з паловамі мільёнамі еўра на праект. Як зазначае намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна – спартыўны саюз” Сяргей Каляда, Гарадзенская вобласць дзякуючы свайму месцазнаходжанню, можа разлічваць на пэўныя перавагі:

– Давайце абмяркуем вашыя ідэі, якія ў вас ёсць, іх можна аблічыць. Далей напісаць заяўку. Мы паспрабуем дапамагчы, каб гэтая заяўка была тэхнічна правільна складзеная. Затым навучанне, як гэтыя праекты весці. І далей – наперад у бой. Калі ёсць жаданне – дакажы, што ты нечага варты.

Сумесны праграмны камітэт акрэсліў чатыры галоўныя накірункі рэалізацыі трансгранічных праектаў, сярод якіх: садзейнічанне мясцовай культуры, падвышэнне дасяжнасці рэгіёнаў, выклікі ў галіне абароны і бяспекі, а таксама садзейнічанне кіраванню межамі, бяспекай, мабільнасцю і міграцыяй.

Беларускае Радыё Рацыя