У Расеі разбіўся трэці бамбавік за тыдзень
Адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін знаходзіцца ў цяжкім стане ў выніку аварыі бамбавіка-ракетаносца Ту-95 на вайсковым аэрадроме Украінка ў Амурскай вобласці.
Пра гэта паведамляе „Інтэрфакс” са спасылкай на крыніцу ў экстраных службах.
„На жаль, адзін член экіпажа загінуў, яшчэ адзін атрымаў сур’ёзныя апёкі і знаходзіцца ў шпіталі. Іншыя шпіталізацыі не патрабуюць. Падчас аварыі ў самалёце знаходзіўся штатны экіпаж. У асноўным, людзі дасведчаныя”, – паведаміў суразмоўца агенцтва.
Паводле паведамлення расейскага Мінабароны, Ту-95 выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы падчас планавых вучэбна-трэніровачных палётаў. Палёты Ту-95 прыпыненыя.
Як вядома, 4 чэрвеня ў Расеі разбіліся адразу два бамбавікі – МіГ-29 у Астраханскай вобласці і Су-34 у Варонежскай.