Безбар’ерны адпачынак
На Берасцейшчыне працягваюць вырашаць праблему, якім чынам адаптаваць адпачынак на аграсядзібе і ўвогуле экатурызм пад людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Летась праблему ўзнялі толькі на Піншчыне, а сёлета ахоплена ўся вобласць.
У Берасці, пры ўзаемадзеянні з арганізацыямі, якія абараняюць інтарэсы і правы інвалідаў, ладзяцца семінары, у якіх бяруць удзел гаспадары аграсядзіб.
Старшыня Пінскай гарадской арганізацыі інваліда-вазочнікаў Алена Макарчук паведаміла, чаму ўладальнікі аграсядзіб неахвотна ідуць насустрач такім ініцыятывам:
– Усё, напэўна, упіраецца ў фінансавы бок. Уладальнікі аграсядзіб не супраць ствараць безбар’ернае асяроддзе для інвалідаў, але няма падтрымкі дзяржавы для гэтага.
Праблема інтэграцыі людзей з асаблівасцямі развяцця ў айчынны турызм актуальна для ўсёй Беларусі. Па інфармацыі Агульнарэспубліканскага цэнтру інвалідаў, за апошнія тры гады безбар’ернае асяроддзе створана менш чым у дзесятку аграсядзіб.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота medinfo/ru