Гульнявыя ўстановы Гарадзеншчыны папаўняюць дзяржбюджэт
З пачатку года больш за 700 000 даляраў у выглядзе падаткаў заплацілі гульнявыя ўстановы Гарадзенскай вобласці. Паводле дадзеных абласной інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, такая сума спагнаная з гаспадароў дваццаці чатырох заляў гульнявых аўтаматаў, аднаго казіно і дваццаці адной букмекерскай канторы, якія дзейнічаюць на тэрыторыі рэгіёна. Як зазначае прадстаўнік асацыяцыі гульнявога бізнесу Юры Чэбатар, апошнім часам гэты від дзейнасці становіцца на Гарадзеншчыне сталай і істотнай крыніцай папаўнення дзяржаўнага бюджэту:
– Гульнявы бізнес трэба не забараняць, а ствараць справядлівую і адкрытую сістэму ў гэтым відзе дзейнасці, садзейнічаць у цывілізаваным развіцці гульнявога бізнесу. А ў перспектыве – станаўленне новай галіны айчыннай эканомікі – гульнявой індустрыі.
У гэтым відзе бізнесу дзейнасць ажыццяўляюць 24 суб’екты прадпрымальніцтва, з якіх 18 знаходзяцца на ўліку ў іншых абласцях.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня