Заява Лукашэнкі: Назіраць за выбарамі нікому не забаронена
“У Беларусі нікому не будзе забаронена назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі”, – пра гэта заявіў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.
Адносна міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў час правядзення прэзідэнцкай кампаніі, Лукашэнка падкрэсліў, што “мы іх павінны выканаць, як і раней, поўнасцю”. Каардынатар кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў адзначае, што падобныя заявы Лукашэнка рабіў напярэдадні кожных ранейшых прэзідэнцкіх выбараў:
– Лукашэнка абяцае, што выбары будуць самыя чэсныя і дэмакратычныя. На вялікі жаль яго словы разыходзяцца з дзеяннямі. І мы рыхтуемся да горшага варыянту, што выбары будуць праходзіць, як заўжды, што не пусцяць нашых назіральнікаў да падліку галасоў, што будуць рэпрэсіі. Гэта будуць аддны з самых сумных выбараў, мы веры на словы не маем.
“Мы нікому не будзем забараняць назіраць за выбарамі, у тым ліку і звонку, як і ўнутраным назіральнікам. Адзінае, хачу папрасіць, каб мы не абяцалі таго, чаго не можам зрабіць, і не эксперыментавалі па-за законаў, – сказаў кіраўнік дзяржавы ў размове з Лідзіяй Ярмошынай. Падчас рабочай сустрэчы былі таксама закрануты пытанні фінансавання выбарчай кампаніі. Па словах кіраўніка дзяржавы, лішніх грошай няма, але ўсё павінна быць годна, як і раней.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя