Уладзімір Лабковіч: Наступствы сённяшняга крызіса праявяцца на пачатку зімы



„Перанос прэзідэнцкіх выбараў з 15 лістапада на 11 кастрычніка звязаны з эканамічнай сітуацыяй у Беларусі,” – мяркуе праваабаронца Уладзімір Лабковіч. У прыватнасці, 15 лістапада ўжо будзе перыядам ацяпляльнага сезона ў Беларусі і кошты на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі істотна ўзрастуць. «І ўвогуле, чым далей – тым горш будзе эканамічнае становішча краіны, а таму ўладам выгадна правесці выбары як мага раней»:

– Сама кампанія тады прыпадае на лета і гэта значыць, што сярод беларускага грамадства актыўнасць будзе мінімальная, таму што большасць будзе так ці інакш адпачываць, не знаходзіцца ў гарадах, жыць сваім прыватным жыццём, скарыстоўваючы летні перыяд. І гэта памяншае магчымасць уплыву апазіцыі, апазіцыйных кандыдатаў на настроі ў грамадстве. Плюс, гэта дазваляе зэканоміць грошы, бо на дадзены момант Беларусь знаходзіцца ў вялікім эканамічным крызісе, і ягоныя наступствы будуць як раз прыпадаць на канец года.

Сёння старшыня цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прапанавала правесці прэзідэнція выбары 11 кастрычніка, каб не склікаць пазачарговую сесію парламента. Таму яшчэ 30 чэрвеня гэтая дата можа быць зацверджаная. Акрамя таго, у выпадку правядзення другога тура выбараў не будуць парушаныя вызначаныя Канстытуцыяй тэрміны абрання кіраўніка дзяржавы. „Калі выбары праводзяцца ў апошні магчымы дзень 15 лістапада, то нас у гэтым выпадку папракаюць, што выбары прызначаныя і праводзяцца вельмі позна”, – патлумачыла Ярмошына.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя