Страшны пажар пад Кіевам
Чатыры чалавекі загінулі, сгарэла некалькі пажарных машын. Такія наступствы пажара, які пачаўся яшчэ пазаўчора на нафтабазе ў Васількове, што непадалёк Кіева. Але пажар нарэшце лакалізаваны.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Пажар на нафтабазе “БРСМ-нафта” у Васількове распачаўся яшчэ пазаўчора. Адначасна выбухнула каля 14 000 тон паліва. Полымя было такім гарачым, што пажарныя не змаглі адразу наблізіцца да месца катастрофы. Дым з Васількова можна было назіраць нават з некаторых кіеўскіх ускраін.
Пажар тушылі каля 300 пажарных і 50 адзінак тэхнікі. Сёння ўранку на нафтабазе прагучаў чарговы выбух. Але міністр унутраных спраў Арсен Авакаў запэўнівае, што агонь лакалізаваны.
Тым часам адсотак небяспечных рэчываў у кіеўскім паветры перавысіў усе дапушчальныя нормы. У некаторых раёнах рэкамендавалі насіць марлевыя маскі і не выходзіць без дай патрэбы на вуліцу.
Прычыны пажара, які прызнаны самым масштабным на Кіеўшчыне за апошнія 50 гадоў, пакуль невядомыя. У рэжымнай частцы нафтабазы сцвярджаюць, што за апошні месяц ахова колькі разоў знаходзіла на тэрыторыі выбухоўку, але ўлады абвяргаюць верагоднасць тэракта.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота timer-odessa.net