Урад абмяркоўвае магчымасць павелічэння дапамогі па беспрацоўі



Улады вярнуліся да абмеркавання ідэі павялічыць памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню пражытковага мінімуму, паведаміла сябра пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Вольга Палітыка на круглым стале „Беларускі рынак працы — рухавік ці абмежавальнік мадэрнізацыі?”.

Канцэпцыя прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016 год і параметраў найважнейшых сацыяльна-эканамічных паказчыкаў да 2018 года прапаноўвае павелічэнне памеру дапамогі па беспрацоўі і фарміраванне ўмоў для ўкаранення сістэмы страхавання па беспрацоўі. Паводле слоў дэпутата, гэтыя прапановы ўжо  разглядаліся на пасяджэнні прэзідыума Саўміна.

„Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі, вядома, не павінна быць такой, як на Захадзе, каб на яе можна было нябедна жыць і не займацца пошукам працы. Але яна павінна як мінімум даць чалавеку магчымасць проста выжыць фізічна. Таму ставіцца задача давесці дапамогу да ўзроўню пражытачнага мінімуму”, — адзначыла Палітыка.

Цяпер памер дапамогі па беспрацоўі абмежаваны дзвюма базавымі велічынямі (БВ складае 180 тыс. рублёў). Паводле даных Белстата, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў краіне на пачатак траўня склаў 1%, павялічыўшыся з пачатку года ўдвая.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ИТАР-ТАСС