Малебен па-беларуску за вучняў, настаўнікаў і бацькоў (абноўлена)



У Беластоку адбыўся беларускамоўны малебен з нагоды завяршэння навучальнага года.

DSC07499

У царкве Святага Юрыя сабраліся дашкольнікі, школьнікі, гімназісты і ліцэісты беластоцкіх школ. У малебне прысутнічалі настаўнікі беларускай мовы. За поспехі ў вучобе сваіх дзяцей маліліся таксама бацькі навучэнцаў.

– Гэта быў працавіты і цяжкі год. Думаю, варта падзякаваць Богу за тое, што мы яго так цудоўна перайшлі.

– Я хачу падзякаваць за тое, што ўсё, што мы хацелі зрабіць у гэтым годзе, атрымалася.

– Вядома, за нашых дзетак молімся. Мая дачка ў Палітэхніцы вучыцца на магістра. І я прыйшоў памаліцца, каб у яе ўсё добра атрымалася.

Малебен па-беларуску за дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў адслужыў айцец Рыгор Місіюк. На канец ўсе прысутныя традыцыйна ўжо праспявалі песню “Магутны Божа”.

DSC07501

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі

* * *

У царкве святога Юрыя ў Беластоку ўжо традыцыйна адбудзецца малебен па-беларуску за вучняў, настаўнікаў і бацькоў.  Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА” запрааше прыняць удзел у ім усіх ахвотных. Кажа Тамара Карнілюк, сябра аб’яднання:

–  Усіх ахвотных запрашаем на малебен, які арганізуем звычайна на пачатак навучальнага года і на канец. Штогод малебен праходзіць у парафіі на Новым Месце ў айца Місіюка.

Малебен па-беларуску за вучняў, настаўнікаў і бацькоў, ініцыяваны Аб’яднаннем у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА”, пачнецца 11 чэрвеня ў 17.30 у Святаюр’еўскай царкве ў Беластоку на новым месце.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя