Гідраметцэнтр Беларусі: Крым – гэта Украіна



У твітэр-акаўнце метэаралагічнага партала meteoinfo.by апублікавалі скрыншот перапіскі адміністрацыі партала з нейкім Яўгенам Яўгеньевым, які дакараў сайт pogoda.by у тым, што гарады Крыма размешчаны ў раздзеле „Украіна”.

„Так, спіс гарадоў, прызначаны для пошуку звестак пра надвор’е ў сувязі з пераходам Крыма ў склад Расеі, мае некаторыя неадпаведнасці. У прыватнасці, горады, размешчаныя ў Крыме (Алушта, Гурзуф, Еўпаторыя, Керч, Сакі, Севастопаль, Сімферопаль, Судак, Феадосія, Ялта ды інш.) Да гэтага часу размешчаны ў раздзеле „Украіна”, хоць на самой справе яны павінны быць перамешчаны ў раздзел „Расея” (па прыналежнасці краіны)”, – гаворыцца ў лісце карыстальніка.

Адміністрацыя форуму ў сваім адказе спаслалася на Сусветную метэаралагічную арганізацыю, якая на сваім сайце паведамляе пра тое, што гарады, згаданыя ў лісце, знаходзяцца ў складзе Украіны.

„Як толькі статус гэтых метэастанцый зменіцца, мы выправім”, – гаворыцца ў адказе.

Інтэрнэт-рэсурсы pogoda.by i meteoinfo.by належаць Рэспубліканскаму цэнтру Беларусі па гідраметэаралогіі, які таксама займаецца маніторынгам навакольнага асяроддзя.

krymr.com