Леанід Заіка: Захоўвайце грошы ў рознай валюце і ў розных банках
Эканаміст Леанід Заіка дае парады, у якой валюце ў сёняшняй сітуацыі лепш захоўваць грошы. Нягледзячы на тое, што ў апошнія дні беларускі рубель крыху ўзмацніўся, з пачатку гэтага месяца даляр ужо вырас на 446 рублёў, а еўра – амаль на тысячу. Што будзе далей з валютным курсам? І ў якой валюце лепш захоўваць зберажэнні?
Леанід Заіка: Беларусам трэба менш глядзець на рэйтынгі замежных валют. Вось Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, сказаў, што ён палову свайго прыбытку адкладвае на рахунак сына Колі. І гэта проста цудоўна! Гэта лепшы ўчынак з боку ўсяго беларускага кіраўніцтва. Таму людзям я таксама параіў бы палову свайго заробку перавесці ў аднолькавай прапорцыі ў даляры і еўра і пакласці на рахункі. А на астатнюю рублёвую палову заробку жывіце і радуйцеся жыццю. І пасля гэтага вас перастане цікавіць і курс рубля, і курс даляра з еўра.
РР: Наколькі прывабнымі зараз застаюцца дэпазіты ў беларускіх рублях?
Леанід Заіка: Пакуль яшчэ можна класці грошы і на рублёвыя дэпазіты. За чатыры месяцы інфляцыя склала ўсяго 6 адсоткаў, так што можна працаваць і ў гэтым накірунку. Дарэчы, на сёняшні дзень беларускія рублёвыя дэпазіты былі самымі прыбытковымі ў Еўропе. Але ёсць адно залатое правіла. Ніколі не захоўвайце грошы ў адным банку і ў адной валюце. У мяне ёсць знаёмыя кіраўнікі банкаў, якія трымаюць свае зберажэнні ў трох розных банках, але не сваіх. Калі людзі будуць кіравацца гэтымі рэкамендацыямі, то іх не стане трэсці ад штодзённых зменаў валютных курсаў.
РР: Але ж беларуская нацыянальная валюта паступова дэвальвуецца…
Леанід Заіка: І гэта цалкам натуральна. Зараз расейскі Цэнтрбанк робіць вялікія валютныя закупкі, яны згубілі амаль 200 мільярдаў даляраў за апошнія паўгода.
РР: Ці варта чакаць рэзкага аслаблення беларускага рубля пасля выбараў, якія мяркуецца правесці 11 кастрычніка?
Леанід Заіка: Можна сказаць, што сёння беларускі рубель пераацэнены. Гэта вынікае са статыстыкі па экспарту-імпарту, у год краіна павінна выплочваць каля 4 мільярдаў даляраў… Увогуле, у гісторыі Беларусі заўсёды была толькі дэвальвацыя. У адрозненні, напрыклад, ад літоўскіх літаў ці чэшскай кроны, якія рэвальвіраваліся. У нас гэта не працуе. Мы друкуем грошы – і пачынаецца дэвальвацыя. Размазваем грошы па ўсіх слаях насельніцтва маленькім кавалачкам масла, каб усе атрымоўвалі заробкі. Але вынік заўсёды дрэнны. Таму дэвальвацыя, безумоўна, будзе, але яна павінна ісці марудна. Не думаю, што менавіта пасля выбараў беларускі рубель рэзка абясцэніцца. Мяркую, гісторыя чамусьці ды навучыла беларускія ўлады.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя