Гарадзенскія арнітолагі падлічылі сокалаў



За апошнія гады колькасць сокалаў-пустальгоў, што занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, павялічваецца і адзначаецца ў Гародні і Берасці, Менску і Баранавічах. Гэты сокал – невялічкая птушка памерам з голуба з доўгімі крыламі і хвастом. Пустальгі не будуюць сваіх гнёздаў, а займаюць разнастайныя нішы ў высокіх будынках. Гэтым разам арнітолагі з Гародні праверылі каля 20 розных месцаў, дзе яшчэ год таму гнездавалася гэтая птушка. У некаторых з гэтых месцаў птушак не было, а там, дзе яны былі, іх акальцоўвалі адразу двума кольцамі: металічным і пластыкавым, – распавядае рэдактар сайта “Птушкі штодня” Зміцер Вінчэўскі:

– Сокал-пустальга – гэта адзін з некалькіх відаў сокалаў, якія сустракаюцца ў Беларусі. Усе нашыя сокалы рэдкія птушкі, занесены ў Чырвоную кнігу. Зразумела, калі нашая дапамога дапаможа ім сапраўды, – гэта будзе вельмі выдатна. Праблема ў тым, што птушкі пачалі займаць гарады. Адкуль яны з’явіліся? Хутчэй за ўсё з Заходняй Еўропы, дзе даўно натуральных месцаў для іх не так шмат. У Гародні павялічваецца колькасць пустальгі, якія гняздуюць у розных гарадскіх будынках. На нашым вытворчым аб’яднанні «Азот» яны павялічваюцца з года ў год. Мы сёлета ацэньваем прыкладна ў 20-25 пар гняздовай папуляцыі.

За адным з гнёздаў гэтых пушак можна назіраць у прамым эфіры на сайце birdwatch.by. Кожны наведнік сайта можа назіраць, як жывуць гэтыя птушкі, як дарослыя сокалы кормяць сваіх птушанят. Гарадзенскія арнітолагі просяць жыхароў гораду паведамляць пра месцы гнездавання гэтых птушак і звяртацца да іх з любымі пытаннямі, звязанымі з жыццём дзікіх крылатых.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя