Андрэй Пачобут: Наступствы палітычнага крызісу ў Польшчы непрадказальныя



Так званы «касетны скандал» у Польшчы можа паўплываць і на будучыя парламенцкія выбары ў Польшчы, такога меркавання прытрымліваецца гарадзенскі карэспандэнт «Газеты выборчай» Андрэй Пачобут.

DSC090101-1024x576-833x400

Па яго словах, скандал ужо паўплываў на расклад сіл ва ўрадзе, і цяжка прадказаць якія яшчэ будуць наступствы:

– Не выключана, што негатыўны ўплыў для Грамадзянскай Платформы гэта таксама будзе мець, але да парламенцкіх выбараў яшчэ дастаткова шмат часу. Усё будзе залежыць ад таго, як Платформа будзе будаваць выбарчую кампанію.

На пытанне, каму выгадны такі скандал ў шэрагах вышэйшага кіраўніцтва Польшчы – таксама нельга даць адназначнага адказу, – кажа Андрэй Пачобут:

 – У дэмакратычнай краіне ў палітыцы дастаткова шмат палітыкаў, якія разглядаюць урад як канкурэнтаў і зацікаўленыя ў тым, каб панізіць уплывы тых, хто кіруе краінай. Я думаю, у гэтым рэчышчы варта разглядаць гэты скандал.  Відавочна, што за гэтай аферай стаіць асоба, якая бізнесам займаецца, таму, магчыма, нейкія бізнэс інтарэсы за гэтым стаяць.

Напярэдадні тры польскія міністры, іх намеснікі, маршалак сейму ды іншыя высока-пастаўленыя палітыкі падалі ў адстаўку.

Гэта звязана з апошнім палітычным скандалам, які ў СМІ атрымаў назву «касетны»: з пракуратуры адбылася ўцечка матэрыялаў следства, а менавіта незаконна запісаных размоваў, якія кампраметуюць ўрад краіны.

Супраць бізнесоўца Збігнева Станогі, які апублікаваў 2,5 тысячы фотакопій матэрыялаў следства, распачалі раследаванне.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя