Драматычная перамога над італьянкамі



Беларускія баскетбалісткі ў традыцыйным для сябе драматычным стылі выйгралі першы матч чэмпіянату Еўропы-2015 у італьянак у дадатковы час 85:76. Падначаленыя Анатоля Буяльскага павялі на старце 9:2, але дазволілі суперніцам зраўняць лік. Гэты адрэзак задаў ход паядынку: беларускі рэгулярна сыходзілі ў адрыў на пяць-сем ачкоў, але кожны раз італьянкі даганялі нашу каманду.

Крытычнай сітуацыя стала ў самым канцы асноўнага часу, калі за шэсць секунд да сірэны беларускі накіраваліся ў апошнюю атаку пры ліку 71:73. Далёкі кідок мэты не дасягнуў, але на падборы ўдала згуляла Таццяна Ліхтаровіч, якая за долі секунды да сірэны змагла яшчэ і зарабіць два ачкі – 73:73.

Авертайм лепш пачалі італьянкі, але затым клас беларускай зборнай даў пра сябе ведаць. У адрозненне ад апанента, нашы баскетбалісткі практычна не рабілі памылак і давялі матч да перамогі – 85:76. Алена Леўчанка набрала ў матчы 25 ачкоў і зрабіла 14 падбораў. „Дабл-дабл”  і на рахунку Кацярыны Сныцінай – 14 + 10. Ліндсэй Хардзінг адзначылася 16 ачкамі, Таццяна Ліхтаровіч набрала 14 балаў.

У іншым матчы група В турчанкі адолелі зборную Польшчы – 57:54, з якой сёння трэба будзе пазмагацца нашай камандзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by