Цытадэль



У Вільні, на прывакзальнай плошчы, ля рухомых стэндзікаў на колцах стаяць кабеты ў доўгіх шэрых спадніцах. Кабеты маюць добрыя ветлыя твары і прапаноўваюць усім жадаючым бясплатна Кнігу. У той Кнізе змяшчаецца Мудрасць і Ісціна ўсіх часоў.

Калі Вы, напрыклад, носіце порткі, і ў Вас расце барада, у той Кнізе Вы прачытаеце, што Ваш пра – пра – прадзед быў створаны адной Усемагутнай Асобай з гліны, у якую гэта Асоба ўдыхнула свой жыццядайны дух. Калі ж на Вас хоць і таксама порткі, але барада не расце, а спераду кругляцца два вабныя ўзгорачкі, Кніга Вам апавядзе, што Ваша пра – пра – бабуля была створана з рабра таго, хто быў створаны з гліны… Перад гэтым Усемагутная Асоба ўсяго за адзін дзень стварыла ўсе зоркі на небе. Ужо ў наш час навукоўцы паспрабавалі злічыць усе гэтыя сузор’і, галактыкі ды іншыя туманнасці, і ў іх выйшла, што да самай далёкай трэба ляцець — калі будзе на чым — ні многа ні мала – дзевяноста мільярдаў светлавых гадоў! А створана ж было ўсяго за адзін – аднюсенькі дзянёк! А за шэсць дзён Асоба шмат яшчэ чаго настварала. Што ж дзівіцца, што сёмы дзень Яна рашыла адпачыць. Асоба гэта была, вядома, не хто іншы, як Госпад. Як Ён адпачываў, у Кнізе не сказана — можа, разгадваў красворды, блукаў у інтэрнэце, ці проста смакаваў кагор… хто ведае?

Нягледзячы на такія здольнасці, Госпад зусім не зазнаўся, застаўся, як раней казалі, „скромен в быту”. І аднойчы не пагрэбаваў асабіста спусціцца да свайго ўлюбёнага, габрэйскага народа, каб навучыць яго вельмі важнай справе. Калі, кажа, прыспічыць табе патрэба, і ты зробіш кучку, дык вазьмі адмысловую лапатку, якую мусіш мець пры поясе, і прыкапай гэта непатрэбства ў пясок.

І шмат яшчэ якіх цікавых і карысных рэчаў можна прачытаць у гэтай Кнізе. За гэта Яе дужа не любілі бальшавікі, якія цвердзілі, што там усё няпраўда і выдумкі, а канчатковая, неабвержная Ісціна заключаецца не ў адной, а ў многіх таўстых кнігах, напісаных двума калматымі і адным лысым, як калена, дзядзькамі. Але бальшавікі зніклі разам са сваімі несапраўднымі прарокамі, а сапраўдныя Прарокі засталіся. Калі Вы ўжо неахвотна бераце ў рукі любую кнігу, то і ў інтэрнэце можаце прачытаць пра прарока Мухамеда, які заснаваў самую справядлівую, гуманную і адзіна правільную рэлігію, што называецца іслам. І даведаецеся, як у яго перайсці ды перастаць мадзець у мярзотным граху, і зрабіцца прававерным мусульманінам.

Адзін наш знаёмы беларус так і зрабіў, цяпер ён завецца не Янка, а Юсуф, і пяць разоў на дзень правільна, а не так, як гэта колісь рабіў у царкве, моліцца Алаху на садмысловым дываніку. А трэба будзе, па першым жа распараджэнні Алаха ён усіх нас, былых сваіх сяброў, зацвярдзелых у граху, разнясе на мэтлахі выбухоўкай, або пакрышыць з „калаша”. Калі ж ён сам пры гэтым загіне, то Алах тут жа прыме яго ў рай, дзе Янку – Юсуфа будуць чакаць 72 спакушальныя цыцатыя паненкі, каб у любы момант задаволіць ягоныя найсаладзейшыя патрэбы. Што ж дзівіцца, што святло такой Ісціны, як сведчыць статыстыка,  вабіць да сябе тысячы і тысячы новых адэптаў.

Нядаўна вось адна дзеўка з Масквы,студэнтка славутага ўніверсітэту, выдатніца й разумніца, кінула ўсё і рынулася на Ўсход, каб прысвяціць жыццё Алаху і змаганню з яго ворагамі. На няшчасце, злыя людзі злавілі яе на сірыйскай мяжы, і вярнулі няверным бацькам. Аднак, няма сумненняў, што святло мусульманскай Праўды пераможа, і яна здолее вырваць і сваіх бацькоў з дрыгвы нявернасці.

А Цытадэль… гэта не абстрактная крэпасць на крутым узгорку. Цытадэль — гэта кожны з нас, наша свядомасць, розум, якія штодзённа, штогадзінна і штохвілінна атакуюцца праваслаўнымі і католікамі, пратэстантамі і егавістамі, мармонамі і пяцідзесятнікамі, мусульманамі, будыстамі ды рознымі сайентыстамі. Яе штурмуюць газеты і радыё, тэлевізар і сеціва… І атакі гэтыя не спыняцца ніколі, пярэдыху не будзе. І кожны з нас асуджаны да канца жыцця бараніць сваю незалежнасць, або здацца на міласць тых, хто намагаецца пратараніць сцены нашай Цытадэлі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ