Вакол месца падзення “Боінга” ўвесь час ідуць баі
Кіеў патрабуе ад баевікоў неадкладна спыніць „тэрарыстычныя дзеянні” на месцы падзення збітага малайзійскага самалёта і адмаўляецца ад прапановы Расеі ўвесці туды міратворчы кантынгент.
„Ва ўмовах, калі дакладна даказана, што Расейская Федэрацыя забяспечвае баевікоў зброяй, ваеннай тэхнікай, у тым ліку цяжкай, прадастаўляе ім фінансавую падтрымку, таму Расея не можа выконваць міратворчую функцыю, ініцыяваць міратворчую аперацыю і ўдзельнічаць у ёй”, — заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы.
Па словах журналіста з Кіева Паўла Зубюка, вакол месца падзення малайзійскага пасажырскага самалёта ўвесь час ідуць жорскія баі.
– Месца катастрофы самалёта – гэта зараз месца баёў. Украінская армія хоча прабіць калідор паміж гэтымі двума так званымі рэспублікамі. Зараз тут ідуць баі. Адпаведна частка гэтай тэрыторыі зараз кантралюецца ўкраінскімі войскамі, частка кантралюецца войскамі сепаратыстаў. Гэта, канешне, ускладняе доступ да гэтай тэрыторыі.
Доступ міжнародных экспертаў да месца падзення малайзійскага самалёта павінен стаць адной з тэм кансультацый у Менску.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ua-ru.info