Памяць пра Язэпа Булак-Балаховіча жыве!



Пра генерала Язэпа Булак-Балаховіча ўзгадвалі сябры ініцыятывы “Беларуская Нацыянальная Памяць”.

DSC06740

Удзельнікі памятнай акцыі наведалі пахаванне генерала на могілках у Белавежы, але раней, яшчэ па дарозе з Гайнаўкі, спыніліся каля крыжа на месцы, блізу якога быў забіты змагар за незалежнасць Беларусі.

DSC06754

Там слова ўзяў старшыня ініцыятывы Анатоль Міхнавец:

– Гэта недакладнае месца, як казаў Алег Латышонак, дзе загінуў Язэп Булак-Балаховіч 11 чэрвеня 1923 года. Тут была зроблена засада. Паводле гісторыкаў, хацелі хутчэй за ўсё забіць старэйшага брата, больш вядомага, Станіслава Булак-Балаховіча, але яго тут не было, ехаў Язэп. Ён вяртаўся ў Белавежу, перапынілі людзі, спыталі, хто тут Балаховіч, ён адказаў “Я”, яны стрэлілі ў яго і забілі. Паводле ініцыятывы беларускага гісторыка з Беластока Алега Латышонка тут усталяваны гэты помнік, гэты крыж. Бачым, тут стаяць знічы. Мы стараемся кожны год прыязджаць сюды, таксама каліноўцы, са Studium Europy Wschodniej сюды прыязджалі.

DSC06757

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання памяць беларускага ваяра Язэпа Булак-Балаховіча, які загінуў, змагаючыся за незалежнасць Беларусі. Пазней накіраваліся на могілкі ў мясцовасці ў Белавежы, дзе і пахаваны генерал.

Анатоль Міхнавец:

– Унук Станіслава Булак-Балаховіча, які жыве ў Варшаве, які ў гонар свайго дзеда таксама названы Станіславам (поўнае імя Станіслаў Мацей Булак-Балаховіч), сюды некалькі разоў прыязджаў і з дапамогай старой жанчыны, якая памятала Язэпа, дазнаўся, дзе была магіла. Крыжа ўжо не было. У 80-х гадах яны паставілі вось гэты крыж, гэта ўжо пасля зменаў у Польшчы, бо да гэтага імя Балаховіча было забаронена, або падавалася ў чорных фарбах. Унук паставіў і крыж, і ўстанавіў шыльдачку. Мы сюды таксама пастаянна прыязджаем.

Язэп Булак-Балаховіч заўсёды акцэнтаваў увагу, што ён беларус, гэты факт падцвярджаюць і гісторыкі, але ён знаходзіцца трохі ў цяні свайго старэйшага брата, хоць таксама генерал і ўдзельнік тых падзеяў. Як прыгадвае Анатоль Міхнавец, пахаванне Язэпа было вельмі вялікім, урачыстасці адбываліся ў старой царскай рэзідэнцыі ў Белавежы.

DSC06747

Магілу Язэпа Булак-Балаховіча цяпер наведвае толькі ўнук Станіслава і беларусы.

Анатоль Міхнавец:

– Мы плануем зрабіць паездку ў Літву, у месца нараджэння Балаховічаў у Мейштах. Гэта каля 100 кіламетраў ад Вільні. Хто жадае, можа да нас далучыцца, пішыце нам у фейсбук. Пабачым, ці памятаюць жыхары гэтай мясцовасці яшчэ пра Балаховічаў. Таксама шмат слядоў Балаховічаў у Глыбоцкім раёне. Старэйшы Булаховіч працаваў эканомам на панскай сядзібе, у вёсцы Лужкі дом захаваўся, дзе ён жыў. У Берасці ёсць балахоўскія могілкі, дзе пахаваныя жаўнеры войска Булак-Балаховіча, якія памерлі ў шпіталі. На жаль, большасць імёнаў ужо невядомая. Імёны на шыльдах пазаціраліся, пазней была праведзеная рэканструкцыя і шыльды з імёнамі паздымалі, павесілі новыя з напісамі “невядомы польскі жаўнер”. Вельмі дзіўны падыход, невялікімі высілкамі тыя імёны на шыльдах можна было аднавіць.

Анатоль Міхнавец заклікае таксама кожнага пашукаць у сваім родзе, ці не былі дзяды і прадзеды звязаныя з тымі гістарычнымі падзеямі. “Спадзяюся, што прыдзе час, калі ў Беларусі на дзяржаўным узроўні будуць адзначаць даты народзінаў і смерці тых, якія памералі, каб жыла Бацькаўшчына”, – дадаў ён.

[Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксея Трубкіна