„Болек” і пытанні да „лёлікаў”



З новай сілай разгарэўся ў Польшчы скандал на глебе супрацоўніцтва Леха Валэнсы са Службай бяспекі ў 1970 – 1976 гадах. Гісторыя гэта не новая, былі ўжо абвінавачванні з боку і ворагаў, і былых паплечнікаў, і суд, які апраўдаў Валэнсу. Новая фаза гэтай гісторыі пачалася нядаўна, калі ў доме ўдавы генерала Чэслава Кішчака былі знойдзены дакументы, якія нібыта пацвярджаюць супрацу Леха Валэнсы з сакрэтнымі службамі бяспекі. Інстытут народнай памяці Польшчы аб’явіў, што дакументы аўтэнтычныя.

Вельмі цяжка здалёку неяк каментаваць гэтую гісторыю – каму цікавыя чыесь галаслоўныя меркаванні, калі нічога канкрэтна невядома: сапраўдныя тыя паперы ці сфальшаваныя на высокім узроўні, які іх змест? Дапусцім, што маладога Валэнсу нейкім чынам сапраўды змусілі да супрацы. Што ж тады ён пісаў у сваіх „данясеннях”? Ці быў хтось арыштаваны на іх падставе?

І галоўнае  – чаму пасля 1976 года, калі якраз і пачалі разгортвацца самыя цікавыя падзеі, якія паставілі Валэнсу ў самы цэнтр пратэстаў, гэта супраца абарвалася? Наадварот, гэта ж быў бы проста „залаты” агент!

І зноў жа – калі Валэнса быў завербаваны службамі бяспекі, дык гэта ж нечуваны „пракол” з іх боку: калі іхні ж „супрацоўнік” так разгарнуў дзейнасць у Польшчы, што ў выніку не засталося ані той „Народнай” Польшчы, ані тых Службаў бяспекі!.. То што больш істотна – тое, калі, якія і для каго чалавек падпісваў паперы, ці тое, што ён зрабіў у рэчаіснасці? Неяк недарэчна даводзіць гэта палякам, якія мусяць ведаць паэму Міцкевіча „Конрад Валенрод” пра рыцара, які служыць у тэўтонскім войску, будучы ўсёй душой на баку сваёй зняволенай айчыны.

І яшчэ адна цікавая акалічнасць. Чаму гэтыя дакументы „выплылі” менавіта цяпер, а не, напрыклад, тады, калі Валэнса спрачаўся за прэзідэнцкую пасаду з былым камуністам Квасьнеўскім? І яшчэ цікава – ані сам Квасьнеўскі, ані ягонае атачэнне ніколі не намагаліся ачарняць Валэнсу. Рабілі гэта, і робяць цяпер, якраз тыя, хто падае сябе як заўзятыя вернікі, каталікі, ультраправая партыя „Права і Справядлівасць”, „Радыё Марыя” ды шырокія колы іх прыхільнікаў. Гэтыя прабачаць нічога нікому не схільныя, хоць і сказана – „не сем разоў прабачай, а сем разоў па сем…”

Словам, маральная атмасфера ў Польшчы, цяпер, мякка кажучы, каламутная. І тут рухавіком усёй справы з’яўляецца элементарная зайздрасць з боку тых, хто ў гісторыі застанецца не больш вядомы, чым Лёлік са славутага мультфільму. Цяпер гэтым „лёлікам” у Польшчы дасталася ўся паўната ўлады. І гэта добра. Няхай яны праявяць сябе ва ўсёй красе. І польскія выбаршчыкі ўрэшце зразумеюць у будучыні, хто ёсць хто, і хто чаго варты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ