Бунт Мурашкі
… і так праходзілі дні: марудна,як па смале, цягнуліся рабочыя з 11-гадзіннай рабочай зменай,ды імгненна праляталі выхадныя, калі можна было адаспацца і забыцца пра супермаркет. Не было, бадай, ніводнага дня, калі б наша Мурашка не атрымлівала б заўвагі ад начальніцы змены. То яна была накрычана за тое, што, працуючы ў касе, зрабіла глыток мінеральнай вады з бутэлькі; іншым разам, калі яна раскладвала тавар на самыя ніжнія паліцы, прысела, каб было зручней, на маленькі зэдлік. „Вы сядзіце! Нельга!” – заверашчала начальніца. Ды хіба ўсе выпадкі ўспомніш…
Аднойчы позна вечарам Мурашка, зусім ачмурэлая ад бясконцага абслугоўвання пакупнікоў ля касавага апарата, вярталася дахаты. Да апошняга аўтобуса заставалася трохі часу, і яна вырашыла пару прыпынкаў прайсці пехатой, каб удыхнуць трохі свежага паветра. У галаве аднак было каламутна. Справа была якраз напярэдадні праваслаўнага Вялікадня, і публіка ў чарзе масава ставіла на стужку транспарцёра ля касы круглыя, канцястыя, пукатыя, празрыстыя і цёмныя бутэлькі з рознастайным пітвом. Мурашка падумала з тугой – добра было б цяпер кульнуць чагось моцнага…
– Девушка, вы говорите по-русски? – аднекуль з-за надмагільных помнікаў і крыжоў нечакана з’явіўся незнаёмы ягамосць. – Вы меня не бойтесь! – працягнуў. У ягонай руцэ штось бліснула.
Наша Мурашка была не з баязлівых, наадварот, што называецца, „безбашенная”, то й ніколечкі не спужалася, а з цікавасцю ўглядалася ў асобніка, які, нібыта біблейскі Лазар, уваскрос з магільнай цемры.
– Из горла будете пить? Водка хорошая, белорусская, „Налей бока”, называется! – пахваліўся Лазар.
І Мурашка зрабіла пару добрых глыткоў. У галаве адразу праяснілася.
– А я вас знаю – вы в магазине на кассе работаете!
Пагаварылі пра працу.
– Нельзя ходить на работу, которая разрушает личность! – заявіў Лазар. Але гэту слушную думку развіваць не было калі – паказаўся аўтобус.
– Я к вам зайду! – паабяцаў суразмоўнік. Але так і не зайшоў. Каляжанкі з крамы рабілі круглыя вочы, і пераконвалі, што гэта быў дух.
Назаўтра ў чарзе да касы стаў ягамосць гадоў сарака з нейкай сцёртай знешнасцю. У адрозненне ад іншых, з поўнымі кошыкамі, ён меў пару памідораў і агурок, але ў руцэ трымаў напагатове картку скідак.
– А чаму вы не патрабуеце картку? – спытаў.
– Бо і так бачу, што вы яе маеце!
– А чаму вы не вітаецеся?
– Бо мы не знаёмыя!
(У віленскіх супермаркетах патрабуюць ад касірак вітацца і развітвацца з кожным пакупніком)
– Нешта вы павольна працуеце!
– А давайце памяняемся месцамі! Сядзьце за касу і пакажыце, як трэба хутка працаваць!
Ягамосць нічога не адказаў. Разлічыўся за сваю гародніну і з каменным тварам пайшоў. У перапынку да нашай Мурашкі падбеглі каляжанкі – Што? Што гаварыў табе наш генеральны дырэктар?!
На наступны дзень Мурашку выклікала загадчыца крамы.
– Мы павінны развітацца, вы нам не пасуеце!
Праз дзень Мурашка схадзіла ў цырульню, апранула самую прыгожую спадніцу ў турэцкія агуркі, па-мастацку завязала шалік з вішнёвым матавым бляскам, і зайшла да загадчыцы, каб вярнуць вымытую і выпрасаваную уніформу. На ружовым твары Мурашкі цвіла прыязная ўсмешка.
– О, у вас квітнеючы выгляд! – крыва ўхмыльнулася начальніца.
„А то! – падумала Мурашка. – Няхай ведаюць, што беларускую дзяўчыну не так проста сагнуць у барані рог!”
І выйшла з супермаркета – вольная.
Жыццё працягвалася.