Час



Як жа многія рэчы раскрываюцца ў сваёй грознай велічы, калі ўдумацца сур’ёзна ў іхнюю сутнасць. Напрыклад, час. Адзіная рэч, непадуладная абсалютна нікому, нават ніякім багам. Можна ўваскрасіць Лазара, але нельга адмяніць факт ягонай папярэдняй смерці. Можна пераўтварыць ваду ў віно, але быццё вадой застанецца фактам паходжання гэтага віна. Калі ты спознішся на цягнік,ты можаш нават абагнаць яго, сеўшы на самалёт, але ты ўжо ніколі не сядзеш у вагон у пункце N а гадзіне Z. Ты можаш з дапамогай суперкрэмаў,батоксу і хірургіі выглядаць у 40 гадоў на 25,але табе ўсё роўна ўжо ніколі не будзе ані 25, ані нават 30 гадоў, а толькі — у лепшым выпадку — 41, 42, і так да канца. Чаму Бог стварыў нешта, непадуладнае яму самому? Ці сумуе ён з гэтай нагоды?

У розных месцах і розных эпохах час цячэ неаднолькава.Маё дзяцінства прайшло ў беларускай вёсцы 60 гадоў ХХ стагоддзя. Потым я ўсвядоміў, што, па вялікаму рахунку, жыццё там мала адрознівалася ад ХІХ стагоддзя.

Мая мама сама пякла хлеб у печы, ткала на кроснах ручнікі, дзяружкі і палатно, з якога шыў нам вопратку кравец, мой хросны бацька. Адзін з ярчэйшых успамінаў ранняга дзяцінства: мама рассцілае на ярка – зялёнай траве доўгія стужкі палатна для адбельвання на сонцы. І я бягу па гэтых шараватых сцяжынках яшчэ няцвёрдымі ножкамі, мама забараняе, але не злуецца… А наўкола ўсё цвіце і зелянее, ярка – ярка…

Вярнуцца б туды хоць на імгненне…

NEVERMORE…

А тады хацелася, прагнулася аднаго — хутчэй вырасці, вырушыць у вялікі прывабны свет, да сапраўднага жыцця, ад гэтых кароў, курэй, парасятаў, саджэння і капання бульбы, бясконцага сена… Бо кнігі, кнігі, будзілі жаданне іншага,вялікага жыцця, сапраўднага, багатага і рознастайнага.

А цяпер вось — невылечная настальгія па тых часах,па крыніцы з ледзяной празрыстай вадой, якую даўно знішчыла мелмярацыя… Нічога няма –ні бацькоў, ні бацькоўскай хаты, ні тых краявідаў… Нават неба, мабыць, там іншае…

NEVERMORE…

І ўсё радзей і радзей прыходзіць у сны тая , першая, каханая, якой так ніколі і не адважыўся прызнацца. І цяпер, цвярозым дарослым розумам, разумееш,– і добра.што не адважыўся. Бо лёс наканаваў табе зусім іншую сустрэчу. А тую што ўспамінаць…

NEVERMORE…

У беларусаў асаблівыя адносіны з часам. Гэта ці не адзіны народ, які адважыўся на шалёны эксперымент — вярнуцца да граматыкі стогадовай даўнасці. Ні адзін з вядомых мне народаў да гэтага не дадумаўся — апісваць эпоху нанатэхналогій і палётаў на Марс моваю памежжа ХІХ і ХХ стагоддзя, часоў сахі і касы. Калі чытаеш сайт беларускай „Свабоды”, так і бачыш паноў у сурдутах і кабет у андараках, што скрыпяць асадкамі пры газоўцы!

Нельга аб’ектыўна ацаніць час, знаходзячыся ўнутры яго. Як мы абураліся застоем 70 – 80 гадоў,цэнзурай, партыйным і гэбэшным кантролем… Але ў Наваградку тады былі дзве кнігарні, дзе паліцы ад столі да падлогі былі застаўлены беларускімі кнігамі. Можна было набыць кніжкі Гілевіча і Барадуліна, ілюстраваныя Барысам Заборавым, Селяшчуком і Савічам.

Так склалася, што ўвесь асноўны корпус беларускай літаратуры быў створаны менавіта тады, і ні Быкаву і Караткевічу, ні Адамчыку і Разанаву не перашкаджала новая арфаграфія.

А трыццаць тамоў фальклору — мы яшчэ не раз паклонімся ў поясскладальнікам гэтага помніка!

Цяпер — зноў застой, зноў плесня і затхласць… Ды толькі вось пачніся заўтра вялікая вайна (а гэта, на жаль, не выключана! ) — і наш шэры час падасца раем, зямлёй абяцанай…

Шануйма ж свой час!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ