Дыктатар „Нехта”



Мой ноўтбук, які верна служыў мне шэсць гадоў, апошнім часам стаў недамагаць — „завісаць”, не выконваць каманды, подла выдаляць без мае згоды надрукаваныя тэксты. А потым зусім заглох. Майстры параілі выкінуць яго на сметнік і набыць новы. На шчасце, знайшлася знаёмая дзяўчына, якая здолела ажывіць мой „Compaq”. Мусіць, таму, што ён мужчынскага роду-племені, і жанчыны маюць над намі бязмежную чароўную ўладу.

Тым не меньш, я стаў прыглядацца ў крамах да замены. Мой стары электронны сябар мае прыемны серабрыста-шэры колер. Новыя ж усе антрацытна-чорнага колеру. А я такога не люблю. Калі б я быў тыранам, я б увогуле забараніў у нашых шыротах чорную вопратку, чорныя дамы, якія сталі будаваць у нас у Вільні. І так у нашым жыцці маркоты хапае — нашто ж яшчэ дабаўляць чарнатой? Але ж нехта вось вырашыў іначай. І ўсе яго слухаюцца.

Хто ж гэты таямнічы „Нехта”, які ўказвае нам — як мы маем сябе паводзіць, што апранаць, што любіць і чаго не любіць?

Памятаю, як на вяселлі майго старэйшага брата напачатку 70-х гадоў сярод пажылых гасцей выклікала скандал сукня нарачонай, якая ледзь прыкрывала азадак. Цяпер жа нехта вырашыў, што шлюбныя сукні зноў мусяць быць да зямлі і нагадваць торт. І ўсе выконваюць. А яшчэ гэты „нехта” ўвёў ідыёцкі звычай, калі маладыя сужэнцы пакідаюць на парэнчах мастоў замкі, кінуўшы ключ у раку. Ужо ўсе масты збэшчаны іржавымі „калодкамі”. Хоць бы яны іх зразалі пасля разводаў!

„Нехта” дазваляе сабе здзекавацца з публікі, як заўгодна. Ці даўно дзеўкі нават у любую сцюжу хадзілі з голымі жыватамі? Многія з іх цяпер беспаспяхова намагаюцца вылечыць набытыя такім чынам хваробы.

Старэйшыя людзі памятаюць цудоўны польскі сатырычны часопіс „Szpilki”. Ахвотна чыталіся і літоўская „Šluotа”(„Мятла”), і расейскі „Крокодил”, і беларускі „Вожык”. Дзе яны цяпер?  Што, у наш час няма з чаго смяяцца? Але ж вось нехта вырашыў, што такія выданні не патрэбны.

У тыя ж 70 – я гады адзін знаёмы з гонарам даў мне  — не, не пачытаць, патрымаць у руках! — томік Мандэльштама. Тады такую кніжку набыць было немагчыма ні за якія грошы. Сёння творы любога паэта пыляцца на паліцах кожнай кнігарні.

Кнігі, па якія калісь стаялі чэргі, цяпер можна ўбачыць каля смеццевых кантэйнераў. Хто ж загадвае  —  учора ганяцца за кніжным  „дэфіцытам”, а сёння пазбаўляцца ад яго любым спосабам?

Нават людзі, далёкія ад мастацтва, памятаюць цудоўныя польскія плакаты 70 – 80 – х гадоў. Сёння ўжо ніхто не малюе „ад рукі” ані плакатаў, ані кніжных вокладак — усё робіцца выключна фотаспосабам плюс апрацоўка на камп’ютары. І стала паныла – аднастайным.

Хто загадаў?

Быў перыяд, калі нехта вырашыў, што традыцыйныя літоўскія стравы  —  „цэпеліны”, жамойцкія бліны, чорны хлеб, — „нееўрапейскія”, і трэба ад іх адмовіцца. На шчасце, зацьменне працягвалася коратка, і сёння, ва ўсякім разе, у Вільні, побач з „еўрапейскімі” цэлюлознымі батонамі, колькі хочаш духмянага, смачнага, чорнага літоўскага хлеба. Больш таго — здаецца, ён абвешчаны нацыянальнай каштоўнасцю…

Значыць, „нехта” не ўсясільны? Можна яму супраціўляцца!  Як цэлым грамадствам, так і паасобку.

І кожнаму з нас няшкодна разважыць кожны свой учынак  —  ці тое ты робіш так, а не інакш, бо гэтага хочаш менавіта ты сам, — ці каб дагадзіць некаму, быць „як усе”? Зусім не падпарадкоўвацца агульнапрынятым тэндэцыям  і  модам немагчыма і неразумна.

Пытанне толькі, да якой ступені, калі гэтай дыктатуры сказаць „не”!

P.S. Учора ўжо бачыў найноўшы камп’ютар  —  серабрысты. Але напалову.

„Нехта” дазволіў…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ