«Элегантная» правакацыя



У даўнія ўжо часы, калі Літва толькі-толькі адрадзіла незалежнасць, адначасова аднавілі сваю дзейнасць нацыянальныя суполкі. І старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька даведаўся, што да трох драўляных дамкоў на вул. Жыгіманту ў Вільні мелі дачыненне беларусы. А менавіта, яны належалі Друйскім айцам-марыянам і былі збудаваныя на беларускія складкі. А значыць, ёсць сэнс патрабаваць іх вярнуць ва ўласнасць цяперашняй беларускай грамадзе.

 Я сам быў сведкам, як Лявон Луцкевіч казаў спадару Хведару: «Чалавеча! Кінь пустое, нічога з гэтага не атрымаецца!» А той не здаваўся. Клопатаў было нямала, сустрэчы і перапіска з уладамі, і адбыўся цуд! Выйшла пастанова аб перадачы ўсіх трох дамкоў Таварыству! Але нядоўга цешыліся беларусы: айцы-марыяне, ужо сучасныя, абурыліся:пры чым тут свецкая беларуская арганізацыя! І пастанову адмянілі. Аднак дамкі былі ў такім стане, што марыяне пагадзіліся на іншую маёмасць, больш прыстойную і ў іншым месцы. Беларусам жа перадаваць дамкі не спяшаліся, аніводзін не быў вызвалены.

Зноў была доўгая тузаніна, у рэшце рэшт выдзелілі памяшканне ў адным з дамкоў. Але ненадоўга: пільныя асобы ва ўладзе спахапіліся, што ў Літве няма закону аб перадачы маёмасці юрыдычным асобам і грамадскім аб’яднанням. Выйшла чарговая пастанова, паводле якой ТБК мела ў кароткі час вызваліць і гэтае невялікае памяшканне. Усё пачалося наноў: просьбы, хадайніцтвы, перапіска з найвышэйшымі ўладамі. Памяшканне ўдалося адстаяць, хоць і на «птушыных правах». Але карысталіся, і нават занялі некалькі пустых пакояў у суседнім дамку, дзе размясцілася рэдакцыя „Нашай Нівы”. Часы былі нястрогія, ліберальныя. А побач з асноўным памяшканнем, дзе была кухня, знайшоўся маленькі пакойчык, у якім пасялілася маладая беларуская сям’я з дзіцем, якая не мела ўласнага кутка.

Далей было б, як у казцы: «І сталі беларусы жыць-пажываць, ды дабра нажываць. З „дабром” выходзіла не надта: двойчы абкрадалі, а сам дом быў у аварыйным стане, пайшлі трэшчыны, высветлілася, што дом… не мае падмурку! Ацяпленне было пячное, зімой было холадна, тым больш, што палілі толькі перад імпрэзамі, пайшла плесня, з’явіўся спецыфічны смурод. Але ж неяк трывалі. Маладая сям’я прыдбала сваё жытло, на іх месца пасялілася іншая. І тут ледзь не здарылася трагедыя : газавая інсталяцыя на кухні прагніла настолькі, што калі б ноччу хтось пстрыкнуў выключальнікам, выбух быў бы немінучы. Кухняй карыстацца стала немагчыма. Але і гэта было яшчэ паўбяды: ды выйшла са строю яшчэ й прыбіральня!

Як жа сорамна было і самім хадзіць і гасцям паказваць на бліжэйшыя кусцікі! І праблемы такога кшталту толькі нагрувашчваліся: у сцены ўбіўся грыбок, што было невылечна.

Дапамогі чакаць не было адкуль, спадар Хведар прынцыпова не звяртаўся з просьбамі пра падтрымку да ўладаў Беларусі. Мясцовыя кіраўнікі таксама не рваліся дапамагаць. І тут з’явілася прапанова абмену гэтай руіны на добраўпарадкаваную чатырохпакаёвую кватэру ў цагляным доме брэжнеўскай забудовы непадалёк вакзала, меншую па плошчы, але прыгодную да карыстання, бо была і кухня, і прыбіральня, і ванна.

Які быў выбар: чакаць з мора пагоды, спыніць дзейнасць, ці пагадзіцца? Пытанне было вынесена на Раду ТБК, і вырашылі — мяняць! Тым больш, што, як ужо было сказана, правы на плошчу ў дамку на Жыгіманту не былі пацверджаны заканадаўствам Літвы.

Такім чынам ТБК перабралася на вуліцу Бролю, 9-86. Вядома, было цеснавата, у зале ўсяго 40 месцаў, затое цёпла, светла. Прыязджалі госці з Беларусі, тым больш, што былі ўмовы пераначаваць, адпачыць, падсілкавацца. Адбываліся сустрэчы, сходы, адзначаліся святы, юбілеі, невялічкія канцэрты. Знайшлося месца для бібліятэкі. Клопатаў было таксама нямала: утрыманне такой кватэры ў Вільні каштуе нямала, асабліва зімой. Неяк выкручваліся: частку аплачваў сам старшыня ТБК, частку студэнты, якія пасяліліся ў вольным пакойчыку, не зусім легальна, бо ТБК паводле статуту не мела права займацца прыбытковай дзейнасцю. Большасць праблемаў вырашаў спадар Нюнька, які за гэты час набыў аўтарытэт не толькі ў беларускім асяроддзі, стаў чальцом Рады БНР, але і ў кіруючых колах Літвы. Вядома, як многа значаць асабістыя кантакты ва ўрадзе, Сойме, міністэрствах. За будучыню арганізацыі спадар Хведар быў спакойны: з’явілася кандыдатура, якой можна было даверыць кіраўніцтва ТБК у бліжэйшай перспектыве. Гэта быў малады гісторык, які працаваў над доктарскай дысертацыяй, добра валодаў беларускай мовай, Аляксандар Адамковіч. У яго былі праблемы з жытлом: ён жыў у нейкім сутарэнні, за якое плаціў досыць вялікую суму. Спадар Нюнька саступіў яму пад жытло за значна меншую плату ўласны кабінет у ТБК: і арганізацыі капейчына, і чалавеку палёгка.

Да ўсяго вызвалілася пасада дырэктара Беларускай гімназіі ў Вільні, і спадар Хведар атрымаў ад мэра Вільні Зуокаса абяцанне, што Адамковіч гэта месца зойме.(З гэтага нічога не выйшла, бо Адамковіч меў беларускае грамадзянства).

І тут ідылія, якая цягнулася каля 11 гадоў, раптоўна скончылася. Спадар Нюнька здаўна меў нядобразычліўцаў, як сярод „амбасадаўскіх” ( яго нават пазбавілі візы ў Беларусь за арганізацыю шматлікіх пікетаў у абарону палітзняволеных), так і сярод землякоў у Вільні. Прычыны былі самыя розныя: нехта пакрыўдзіўся за тое, што яму не хапіла месца ў чарговай паездцы, іншы напазычаў грошай, а вяртаць не хацеў… І вось сфармавалася група „актывістаў”, якія пачалі настойліва распаўсюджваць наступную версію абмену плошчы: мала таго, што атрыманая плошча значна меншая за аддадзеную, але і страчанае месца было куды больш прэстыжнае, ды ўвогуле беларусам належалі ўсе тры дамкі, пра што Нюнька не казаў. Цяпер жа яны разам з пляцам каштуюць каля 7 мільёнаў літаў, а абмен адбыўся зусім без даплаты! Куды падзелася розніца?

Вядома, куды: у кішэню прагнага старшыні ТБК! Мала таго — ТБК атрымлівала розныя гранты, аплату праектаў, ахвяраванні, карацей, арганізацыя мела грошай, як дурань махоркі, але ўсе яны затойваліся ад грамады і ішлі на асабістыя патрэбы старшыні. Наіўныя ж сябры ТБК былі ўпэўненыя, што суполка голая, як сакол.

Трэба аддаць належнае лялькаводам гэтай правакацыі — задумка сапраўды „элегантная”: знішчыць кіраўніка адзінай беларускай суполкі, якая 25 гадоў нязменна была апазіцыйнай да менскага рэжыму, рукамі саміх беларусаў. „Путч” узначаліў той самы Адамковіч, лёсам якога так клапаціўся спадар Хведар. Дзейнічалі рашуча: напісалі заявы адразу ў тры месцы: у суд, пракуратуру, крымінальную паліцыю. Склікалі сход ТБК, на якім абралі новую Раду, і, патрасаючы „дакументамі” сабралі подпісы пад патрабаваннем сурова пакараць былога старшыню і вярнуць беларусам дамкі.

Адамковіч пераконваў усіх, што справа бяспроігрышная, нават, калі маёмасць не вернуць, то будзе грашовая кампенсацыя. Агаломшвае тое, з якой лёгкасцю грамада паверыла паклёпнікам. Выпадкова захавалася відэаздымка мерапрыемства ТБК, на якое ўварвалася група „путчыстаў”. Ганебнае відовішча: перакошаныя нянавісцю твары, дзікія крыкі, лаянка… амаль суд Лінча!

Знарок стараюся называць як найменш прозвішчаў: гэтым людзям яшчэ жыць і жыць, і не трэба траціць надзеі, што яны калісь усвядомяць, якой бруднай справай займаліся. Да кампаніі ачарнення былога старшыні новая Рада ТБК падключыла нават радыё „Свабода”, і такога палітычнага „зубра”, як Станіслаў Шушкевіч. А ў Раду БНР паляцела патрабаванне выключыць спадара Нюньку з яе шэрагаў. На шчасце, на гэту заяву там не адрэагавалі.

Следства цягнулася, апытваліся сведкі, чамусь толькі тыя, што сведчылі супраць былога старшыні ( новым стаў Адамковіч). І ўсё ж , нягледзячы на актыўнасць „путчыстаў”, справа не клеілася. Урэшце наняты імі адвакат сфармуляваў абвінавачванне ажно з 32 пунктаў. І патрабаванне спагнаць з Хведара Нюнькі на карысць ТБК 32 608 еўра, 68 цэнтаў. (Асабліва расчульваюць гэтыя 68 цэнтаў!)

Усё гэта цягнулася доўгія месяцы, апісваць увесь працэс — шкада месца.

Аднак да суда справа не дайшла. Галоўны пракурор уважліва разгледзеў усе матэрыялы і вынес вердыкт: спыніць справу з прычыны адсутнасці злачынных дзеянняў з боку падазраванага Хведара Нюнькі. Здавалася б, можна ўздыхнуць з палёгкай! Але дзе там…

Літоўскае заканадаўства дазваляе падаваць апеляцыі колькі заўгодна разоў, толькі пакрывай выдаткі. Хто так шчодра аплачвае „путчыстам” іхняе „змаганне за праўду”, невядома. Зразумела, не яны самі, бо сумы сур’ёзныя.

Так вось спадар Хведар атрымаў „калядны падарунак” —у адказ на чарговую апеляцыю пракуратура прыняла рашэнне распачаць следства нанова…

Каляды я ўзгадаў не выпадкова — і сам Адамковіч, і ягоныя паплечнікі ўсюды падкрэсліваюць, што яны — глыбока веруючыя хрысціяне. Імпрэзы, якія ладзіць новая Рада ТБК, рэдка абыходзяцца без святара.

А ў адной са сваіх адозваў яны напісалі: „З намі Бог!”

Але ў Бібліі сказана, што пра людзей трэба меркаваць „па справах іх”. Удумаемся, што значыла б для пенсіянера Нюнькі выплата 32 608 еўра? Продаж кватэры, бяздомнасць… Ну, ці ж не хрысціянскі ўчынак?

Даўно заўважана: ад таго, хто шмат і квяціста разважае пра веру, пускае слязу ў касцеле ці царкве, у звыклым жыцці так і чакай „падлянкі”.

Сэнс новай апеляцыі не ў дамках, якіх ніхто не верне, бо яны ТБК і не належалі. І не ў грошах, бо літоўскія суды не настолькі крыважэрныя, каб выкідваць на вуліцу 88-гадовага чалавека дзеля капрызу жменькі „дзеячаў”. Мэта іншая, наколькі простая, настолькі мярзотная: як мага больш азмрочыць, апаганіць фінальны перыяд жыцця спадара Хведара. Каб ён пакінуў гэты свет не як чалавек, які ўсе свае сілы аддаў змаганню за вольную Беларусь, а як прайдзісвет, што думаў толькі пра нажыву.

Ды вось праблема: не на таго нарваліся. Спадар Хведар Нюнька: чалавек старога гарту, перажыў вайну, пасляваенны голад і нястачы, страту самых блізкіх людзей, і не сагнуўся, не зламаўся. І годна трымаецца дагэтуль. Калі чалавек мае чыстае сумленне, ніякія суды яму не страшныя.

А вось паклёпнікам варта задумацца пра сябе: законы кармы ўзніклі не на пустым месцы і расплачвацца за свае дзеянні, рана ці позна, давядзецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ